245

Відэа як інструмент для журналіста, які працуе з тэмаю гарадскога асяроддзя

06.11.2019 Крыніца: Юлія Сівец для BAJ.BY

Ці можа відэа змяніць гарадское асяроддзе? Рэжысёр Марыя Булавінская і ўрбаніст Сяргей Ляпін лічаць, што так. Аднак аўтары дакументальных стужак “Рэпрэсаваная архітэктура”, “Над сістэмай”, “Іншазем’е” перакананыя, што такое відэа мусіць быць прафесійным і сучасным.

Марыя Булавінская

“Зразумела, што нейкія гарадскія праблемы вырашыць можа і аматарскае відэа, “зробленае на каленцы”. Але ж мы — прафесійныя журналісты, хочам развівацца і да чагосьці імкнуцца. Калі мы будзем рабіць непрафесійнае відэа, спасылаючыся ўвесь час на неспрыяльныя варункі працы (пераслед, адсутнасць навыкаў і патрэбнага абсталявання), то нашая планка ва ўласных вачах паніжаецца. Таму, каб не закаснець, мы імкнемся быць разнастайнымі, бяром нешта новае з графікі, выкарыстоўваем эфекты”, — гаворыць Марыя Булавінская.  

Так, напрыклад, у фільме “Рэпрэсаваная архітэктура”, дзякуючы спецэфектам, атрымалася стварыць уражанне “пагружэння” ў мінулае: размясціць і адзняць апранутых у адзенне пачатку ХХ ст. актораў у будынку, якога ў Гомелі ўжо не існуе. “Ніхто не верыў, што гэта ў нас атрымаецца. Мы адзнялі актораў на фоне храмакея, а потым наклалі адрэстаўраваны віртуальна будынак гатэля “Савой”, — дзеліцца сакрэтамі Марыя Булавінская.

Менавіта для здымак фільма “Рэпрэсаваная архітэктура” Марыя Булавінская і Сяргей Ляпін далучылі цэлую каманду таленавітых 3d-дызайнераў, якія з дапамогай знойдзеных у архівах Вільні і Масквы чарцяжоў аднавілі ў віртуальным выглядзе фасады некалькіх будынкаў Станіслава Шабунеўскага ў Гомелі, вярнуўшы ім першапачатковы выгляд.

“У нас вельмі шмат відэа, каб паказаць, які Гомель цяпер і якім ён быў раней. Мы ўсе звыкліся бачыць шмат шэрых будынкаў на вуліцах горада, адсюль і адчуванне безнадзейнасці. Але мы паказваем, што наш горад быў прыгожым і мы можам штосьці паправіць, нешта вярнуць. І гэта дадае надзеі, што нашае асяроддзе будзе лепей. Мы можам зрабіць яго лепей,” — Адзначае Марыя Булавінская.

“Ва ўмовах Беларусі, дзе страчана вельмі шмат чаго ў мінулым стагоддзі, карысным будзе валоданне такімі інструментамі віртуальнага аднаўлення, як Photoshop, After effects, 3ds Max. Гэтыя інструменты дазваляюць вельмі наглядна візуалізаваць тое, што мы страцілі. Медыйныя праекты з такой дададзенай рэальнасцю нашмат цікавейшыя, чым проста канстатацыя, што вось на месцы гэтага куста, напрыклад, стаяў храм. Такая канстатацыя не так ўражвае, як аднаўленне на вачах таго храма, хаця б у віртуальным вобразе,” — гаворыць Сяргей Ляпін.

Рэжысёр Марыя Булавінская і блогер-урбаніст Сяргей Ляпін падзяліліся сакрэтамі свайго майстэрства з калегамі з Гомельскай філіі ГА “БАЖ”. У межах майстар-класа “Відэа, якое змяняе асяроддзе” аўтары дакументальных стужак “Рэпрэсаваная архітэктура”, “Над сістэмай”, “Іншазем’е” распавялі прысутным пра жанры, у якіх самі працуюць, паказалі прыклады відэапрадукцыі, скіраванай на змены ў гарадскім асяроддзі.