НЕ - ВАЙНЕ!
3111

Віцебскія “бажаўцы” рыхтуюць фотавыставу, прысвечаную вядомаму распаўсюдніку незалежных СМІ Барысу Хамайду

24.03.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

На фотаздымках, сабраных журналістамі, можна ўбачыць Барыса Хамайду і пад бел-чырвона-белым парасонам у цэнтры Віцебску. І зусім іншым, маладзейшым гадоў на 20, калі Барыс Ханонавіч быў рэдактарам газеты “Выбар” — аднаго з першых беларускіх незалежных выданняў.

Ідэя зладзіць фотавыставу з’явілася напярэдадні 25 сакавіка — Дня Волі. Гэты дзень Барыс Ханонавіч заўсёды адзначае: не толькі выходзіць на сваё “працоўнае месца” з газетамі і часопісамі, але і віншуе віцебскіх мінакоў.

Бел-чырвона-белы парасон над столікам распаўсюдніка відаць здалёк, спадар Барыс штодня прыходзіць да так званага “сіняга дому” на вуліцы Леніна, і гараджане ўжо добра ведаюць гэтае месца. Тут можна паразмаўляць пра палітыку, абмеркаваць апошнія навіны, набыць часопіс або газету. Многія гараджане нават сустрэчы прызначаюць “каля Хамайды”, бо ён стаў сапраўднай гарадской адметнасцю — чалавек, якога не скарылі арышты і штрафы за распаўсюд вольнага слова. Ён займаецца гэтым у любую пару году, не зважаючы на дождж, снег ці маразы. Менавіта такім Барыса Хамайду  паказаў фатограф Ігар Мацьвееў, правёўшы побач з распаўсюднікам не адну гадзіну…

Віцебскія журналісты прапанавалі крыху змяніць першапачатковую канцэпцыю выставы пра адну з найвядомейшых асобаў гораду, ды падзяліць экспазіцыю на дзве часткі. Адна з іх будзе адлюстроўваць сучаснасьць, а другая — часы, што ўжо сышлі ў гісторыю. У прыватнасці, перыяд, калі выдавалася газета “Выбар”, якую Барыс Хамайда зарэгістраваў на ўласныя грошы, заробленыя на поўначы. У гэтай газеце Хамайда некалькі гадоў працаваў рэдактарам, у тым ліку і на грамадскіх пачатках, калі выданне было зачынена па рашэнні суда.

Газета “Выбар” выходзіла накладам некалькі тысяч асобнікаў, яе добра ведалі ў горадзе. Пасля закрыцця газеты многія віцебскія журналісты працягвалі супрацоўнічаць з рэдакцыяй добраахвотна, без усялякіх ганарараў. І Барыс Хамайда распаўсюджваў забаронены “Выбар”  на тым самым месцы, дзе бел-чырвона-белы парасон мінакі бачаць і цяпер — на вуліцы Леніна, каля дома №28, празванага ў Віцебску “сінім домам” за незвычайны колер, у які гэты булынак быў пафарбаваны…

"Сучасная” частка фотаэкспазіцыі ўжо гатовая. Цяпер збіраюцца экспанаты для “гістарычнай” часткі выставы. Верагодна, гледачы змогуць убачыць не толькі архіўныя фотаздымкі, зробеныя віцебскімі “бажаўцамі” яшчэ ў 1990-я гады, але і нумары ўжо легендарнай газеты, якія захаваліся ў гараджан і ў прыватным архіве спадара Барыса. Ужо вырашана, што Барыс Ханонавіч атрымае ў падарунак усе фотаздымкі, сабраныя для выставы журналістамі.

Таксама на Дзень волі журналісты прыйдуць да спадара Хамайды з падарункам — ягоным фотаздымкам 20-гадовай даўніны, зробленым на тым самым месцы каля "сіняга дому".

Плануецца, што фотавыстава будзе падрыхтаваная да канца вясны. 

А потым экспазіцыя, якая ствараецца як перасоўная, "паедзе падарожнічаць”: жыхары бліжэйшых рэгіёнаў таксама выказалі жаданне яе ўбачыць.  

 

 

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!