188

Віцебскіх журналістаў не пусцілі на круглы стол па праблеме наркотыкаў

26.06.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Доступ да інфармацыі

Зміцер Казакевіч і Вячаслаў Лазараў хацелі трапіць на круглы стол, які на просьбу віцебскіх удзельніц руху “Маці 328” арганізаваў аддзел адукацыі. Але ў Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі, дзе праводзілася мерапрыемства, іх не пусцілі. Прычынай стала тое, што прозвішчаў незалежных журналістаў не было ў спісе запрошаных.

Затое на круглым стале чакалі прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ, але яны так і не з’явіліся. Не прыйшоў і начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Дзмітрый Хома.

Падчас мерапрыемства абмяркоўвалі праблему ўдасканалення мер прафілактыкі злачынстваў, звязаных з распаўсюдам наркотыкаў. Але прадстаўнікі галіны адукацыі вырашылі, што абмеркаванне адной з самых вострых праблем у беларускім грамадстве – справа сакрэтная. А таму не толькі не дапусцілі прысутнасці журналістаў, але і забаранілі фота- і відэаздымкі  прадстаўнікам руху “Маці 328”. Пра гэта на сваёй старонцы ў Фэйсбуку напісала актывістка руху Наталля Шарыпа.

Між тым, менавіта віцебскія незалежныя журналісты звярнулі ўвагу на масавае з’яўленне “наркаграфіці” ў Віцебску. А таксама распавялі пра тое, што грамадскасць абвясціла вайну такой рэкламе наркотыкаў. Віцебская міліцыя была вымушаная рэагаваць на з’яўленне абвестак з кантактамі наркадылераў, а службы ЖКХ — на скаргі жыхароў спэцканых усюдыіснымі надпісамі дамоў.

Следам за недзяржаўнымі гэтую тэму падхапілі і дзяржаўныя выданні. Але арганізатары круглага стала чамусьці вырашылі, што інфармацыя пра захады прафілактыкі не павінна разыходзіцца шырока, і выставілі “незапрошаных” журналістаў за дзверы. Нягледзячы на тое, што ініцыятары — бацькі асуджаных за наркотыкі — прасілі, каб прадстаўнікоў прэсы не выдалялі.