735

Віцебскіх журналістаў будуць судзіць за сюжэт для праграмы “Кожны з нас”

14.05.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Выклікі ў Наваполацкі гарадскі суд атрымалі журналісты-фрылансеры Алена Шабуня і Вячаслаў Лазараў. У sms-паведамленнях, дасланых ім на тэлефон, пазначана, што супраць абодвух распачатыя адміністрацыйныя справы паводле артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ).

Як распавяла Алена Шабуня, некалькі дзён таму да яе прыходзіў міліцыянт і распытваў пра здымкі ў Наваполацку, якія тычыліся гісторыі пажару на прадпрыемстве “Палімір”.  Сюжэт пра гэтае здарэнне ўвайшоў у праграму “Кожны з нас”, паказаную на тэлеканале “Белсат”. 

Іншых падрабязнасцяў журналісты не ведаюць: з матэрыяламі спраў міліцыянты іх не знаёмілі, усе дакументы ўжо перададзеныя ў суд. Не ўдалося даведацца нават прозвішча суддзі, якому даверылі разгляд, — у канцылярыі суда назваць яго адмовіліся. Пачатак судовага працэсу прызначаны на 15 траўня а 16.00.

Для Алена Шабуні і Вячаслава Лазарава гэта ўжо другі выпадак, калі іх судзяць за сюжэты на “Белсаце”. Першы раз  іх прызналі вінаватымі ў “незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ” ў сакавіку 2018 года. Тады суддзя Віцебскага райсуда Міхаіл Зубеня пастанавіў аштрафаваць Алену Шабуня на 20 базавых велічынь, а Вячаслава Лазарава на 22 базавыя велічыні.  Пастанову раённага суда журналісты спрабавалі абскардзіць у Віцебскі абласны суд, але суддзя Святлана Іванова адхіліла касацыйныя скаргі журналістаў.