398

Віцебскі аблсуд не задаволіў касацыйную скаргу журналіста-фрылансера Змітра Лупача

24.01.2019 Крыніца: Прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Сюжэт: 22.9 КаАП

Журналіст спрабаваў аспрэчыць пастанову Глыбоцкага раённага суда ад 22 снежня мінулага года. Тады суддзя Людміла Вашчанка аштрафавала яго на 25 базавых велічыняў, што складае 612,5 беларускіх рублёў.

Змітра Лупача прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці па сумнавядомым артыкуле 22.9 КаАП у дзявяты раз. Падставай для справы стаў сюжэт на спадарожнікавым тэлеканале “Белсат” пра ўшанаванне памяці ахвяр камуністычнага і фашысцкага рэжымаў на Глыбоччыне.

Як кажа Зміцер Лупач, асаблівых спадзяванняў на тое, што абласны суд задаволіць яго скаргу, не было. З рашэннем суда журналіст не згодны і намераны звяртацца са скаргай у Камітэт ААН па правах чалавека. Там ужо зарэгістраваныя дзве яго скаргі на парушэнне краінай Беларусь яго правоў.

Паводле Змітра Лупача, пакуль звароты ў Камітэт ААН па правах чалавека асаблівага выніку не даюць.

“Але я ўпэўнены, што ў хуткім часе, калі назбіраецца крытычная колькасць падобных скаргаў, вынік будзе. Думаю, цягам часу Беларусь будзе вымушаная прызнаць, што яна парушае нашы правы”, - зазначыў журналіст-фрылансер у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ”.

Нагадаем, у 2018 годзе над Змітром Лупачам адбылося дзевяць судовых працэсаў за сюжэты, якія паказаў тэлеканал “Белсат”. Па выніках шасці з іх журналіста пакаралі штрафамі ад 25 да 40 базавых велічыняў. Агулам ён заплаціў 4 802 беларускіх рублёў.