757

Віцебскі абласны суд не адмяніў штрафы Алене Шабуня і Вячаславу Лазараву

25.04.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Суддзя Віцебскага абласнога суда Святлана Іванова не задаволіла касацыйную скаргу незалежных журналістаў, аштрафаваных за  паказаны на тэлеканале «Белсат» сюжэт пра жыццё вяскоўцаў на Віцебшчыне.

Разбіральніцтва прайшло працягам дзесяці хвілін. Суддзя абвясціла, што пакідае пастанову суда Віцебскага раёна без зменаў, бо таксама лічыць Алену Шабуня і Вячаслава Лазарава вінаватымі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ.

Аргументаў Алены Шабуні пра тое, што журналісты не распаўсюджваюць прадукцыю СМІ, бо гэта справа рэдакцый, спадарыня Іванова да ўвагі не прыняла. Як і тое, што сустрэча з жыхарамі вёскі Тапорына праходзіла падчас выбарчай кампаніі ў межах сустрэчы з кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў.

Журналістка спрабавала акцэнтаваць увагу суда на тым, што вяскоўцы казалі праўду, і што збор і распаўсюд інфармацыі – гэта права кожнага чалавека. Не кажучы пра прафесійны абавязак журналіста, які павінен сваёй працай дапамагаць у вырашэнні праблем.

Суддзя параіла звяртацца з праблемнымі тэмамі на дзяржаўнае тэлебачанне, прыкладам, у праграму “Времечко”. На што Алена Шабуня адказала:

“Я 12 год працавала на дзяржаўным тэлебачанні, і добра памятаю нашы стандарты працы. Калі бачыш, што вакол цябе ўсё дрэнна на 99%, то стараешся напісаць нешта станоўчае хаця б пра той 1%, які ёсць. Усе сапраўдныя праблемы так і заставаліся за кадрам”.

Нагадаем, што за сюжэт пра засмечанае возера і адсутнасць пітной вады ў вёсцы Тапорына Алена Шабуня атрымала 20 базавых велічынь альбо 490 рублёў штрафу, а Вячаслаў Лазараў — 22 базавыя велічыні альбо 539 рублёў.