1206

Віцебская пракуратура ўзнавіла справу пра абразы журналістаў па скарзе Уладзіміра Лунёва

27.06.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Віцебскі БАЖавец Уладзімір Лунёў здолеў дамагчыся, каб аддзел унутраных справаў адміністрацыі Кастрычніцкага раёну паўторна заняўся расследваннем акалічнасцяў з’яўлення і распаўсюду відэароліка, у якім невядомыя абражаюць журналістаў і відэаблогерку Алену Янушкоўскую.

Уладзімір Лунёў

Відэаролік, нібыта прысвечаны “выкрыццю фінансавання” тэлеканала “Белсат”, а насамрэч поўны асабістых зняваг, з’явіўся ў інтэрнэце 28 траўня. У роліку згадваліся імёны журналістаў з Віцебшчыны – Алены Шабуні, Вячаслава Лазарава, Віталя Скрыля, Змітра Лупача, грамадскай актывісткі Таццяны Севярынец.  Сябра ГА “БАЖ” Уладзімір Лунёў, імя якога было згадана ў абразлівым кантэксце, звярнуўся ў Кастрычніцкі РАУС. Але праз колькі дзён атрымаў адказ, што справа па ягонай заяве ўжо закрытая: маўляў, адміністрацыйную справу скасоўваюць, бо ў дзеяннях нявысветленай асобы не знойдзена складу правапарушэнняў, якія падпадаюць пад артыкулы  9.3 і 9.2 КаАП.

Уладзімір Лунёў падаў скаргі ў гарадскую пракуратуру і абласное ўпраўленне міліцыі, бо ён перакананы, што відэаролік мае абражальны змест. А што да паклёпу, то ён узведзены персанальна на кожнага з памянёных асобаў. Таму дзеянні стваральнікаў і распаўсюднікаў (а найхутчэй гэта адна і тая самая асоба ці група асобаў) падпадаюць пад згаданыя вышэй артыкулы, дзе прадугледжваецца пакаранне за абразу і паклёп.

Пракуратура адрэагавала на скаргу: у лісце за подпісам намесніка пракурора П.Дамашэўскага горада гаворыцца, што былі прааналізаваны матэрыялы праверкі па справе. Пракуратура выявіла недахопы, прызнаўшы, што праверка, праведзеная ўчастковым інспектарам, была няпоўнай.

Таму матэрыялы былі вернутыя ў райаддзел з указаннямі, што да ўдасканалення працы, узнаўлення справы і дадатковай праверкі.

Уладзімір Лунёў перакананы, што знайсці вытворцу і распаўсюднікаў паклёпніцкага відэароліка з дапамогай сучасных кампутарных тэхналогій не складае вялікай праблемы:

— У скарзе я ўказаў спасылкі на віцебскія паблікі, якія размясцілі відэаролік. Адпаведна, яны распаўсюдзілі паклёпніцкія і абразлівыя звесткі, у сувязі з чым адміністратары мусяць быць пакараныя ў адпаведнасці з заканадаўствам.  Таксама я да спасылку на YouTube-канал прыватнай асобы, дзе размешчаны відэаролік.  Няцяжка ўстанавіць IP-адрасы  кампутараў, з якіх дасылалі гэты ролік, і ўрэшце рэшт спыніць цкаванне журналістаў і грамадскіх актывістаў, якое апошнім часам у Віцебску набірае абароты, — мяркуе Лунёў.

Спадар Лунёў кажа, што  падзяліўся з участковым інспектарам і сваімі прыватнымі меркаваннямі пра тое,  хто можа быць аўтарам і распаўсюднікам падобнай “кінапрадукцыі” – пэўныя высновы журналісту дазваляе зрабіць яго прафесійная адукацыя відэааператара.  Ён лічыць, што паклёпнікаў даўно пара спыніць, бо  ў Віцебску ўжо не ўпершыню  распаўсюджваюцца абразлівыя відэаролікі пра грамадскіх актывістаў, журналістаў і проста неабыякавых да жыцця горада людзей. Але міліцыя ніводнага разу не знайшла аўтараў і распаўсюднікаў. 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!