240

Віцебская міліцыя не знайшла, хто сапсаваў маёмасць журналіста

23.09.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Відэааператар Вячаслаў Лазараў атрымаў адказ з Кастрычніцкага РАУС Віцебска, куды быў вымушаны звярнуцца пасля прыкрага выпадку падчас працы.

Вячаслаў Лазараў

— Мы рыхтавалі рэпартаж  пра сход у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, які адбываўся ў Віцебску 20 жніўня. Пакуль людзі збіраліся ў калону на плошчы Леніна, мы бралі інтэрв’ю ў сталай жанчыны. Яна пагадзілася адказаць на пытанні і ведала, што інтэрв’ю мае быць паказаным на тэлеканале “Белсат”. Абсалютна нечакана, пасля апошняй сваёй фразы, гэтая жанчына выбіла з рук рэкордэр (прылада для запісвання гуку), задаволена пасміхнулася і сышла, — распавёў пра інцыдэнт Вячаслаў Лазараў.

Журналісты абмеркавалі сітуацыю і вырашылі, што асоба, якая здзейсніла хуліганства, павінна панесці пакаранне. Тым больш, што рэкордэр у выніку падзення зламаўся і стаў непрыдатны для працы.

Вячаслаў Лазараў звярнуўся ў міліцыю: апісаў падзеі 20 жніўня і прыклаў да заявы відэафайлы, дзе добра відаць твар жанчыны, якая выбівае рэкордэр з рук калегі. Але зараз з міліцыі прыйшоў адказ, што вінаватую асобу не знайшлі і таму расследаванне па заяве журналіста спыняюць.

Застаецца незразумелым, чаму міліцыянтам удаецца даволі хутка знайсці ўдзельнікаў мірных шэсцяў, якіх фатаграфуюць і здымаюць супрацоўнікі ў цывільным, каб потым распачаць адміністрацыйныя справы, тады як асобу агрэсіўнай прыхільніцы Аляксандра Лукашэнкі ўстанавіць не атрымалася.  

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!