390

Віцебская блогерка Алена Янушкоўская з’ехала з Беларусі

26.02.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў

Свой ад’езд Алена Янушкоўская тлумачыць ціскам з боку сілавых структур — на яе і сям’ю дачкі Юліі.

Алена Янушкоўская, стваральніца відэаканала “Настоящая Беларусь”, звярнулася да сваіх падпісчыкаў з Кіева:

— Са мной усё добра, але праз падвышаную ўвагу карных органаў мне давялося пакінуць краіну. Гэта быў цяжкі выбар, але іншых шанцаў у мяне не было. Але я буду працягваць сваю дзейнасць у любым выпадку. Я ніколі не дарую тым, хто змусіў мяне пакінуць Радзіму, — паведаміла блогерка.

Першы відэаролік, які Алена Янушкоўская запісала ў замежжы, — гэта інтэрв’ю з уцякачкай з Беларусі, колішняй жыхаркай Пастаўшчыны Ганнай Федаронак. 

55-гадовую відэаблогерку Алену Янушкоўскую неаднаразова каралі арыштамі  і штрафамі за яе стрымы з важных грамадска-палітычных падзей у Віцебску і ў Мінску. Арышты даводзілася  адбываць, нягледзячы на істотныя праблемы са здароўем: жанчына пакутуе на астму, мае інваліднасць, і гэта замінала ёй знайсці працу ў Беларусі. Грошы на штрафы блогерцы збірала грамадскасць. Апошнім часам на яе пачалі ціснуць і праз сям’ю: дачку Юлію неаднаразова штрафавалі за парушэнне артыкула 23.34 КаАП, сацыяльныя службы пагражалі адабраць у яе двух непаўналетніх дачок. Цяпер Юлія Уласенка  разам з дзецьмі таксама знаходзіцца ў Кіеве. Але ў Беларусі засталася прыёмная дачка Алены Янушкоўскай, яна адзінокая маці і цяпер чакае другое дзіця.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!