360

Віцебскага журналіста зрабілі “вечным падазраваным”?

12.02.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Журналіст-фрылансер Віталь Скрыль высветліў, на якой падставе 9 студзеня яго апытвалі наконт сюжэту, паказанага на тэлеканале “Белсат”. Паводле адказу начальніка ўпраўлення ўнутраных справаў Аршанскага раёна Сяргея Барвянкова,  хлопец трапіў пад увагу міліцыі праз тое, што летась быў аштрафаваны за парушэнне артыкула 22.9 КаАП.  

Нагадаем, што да Віталя Скрыля 9 студзеня прыйшоў супрацоўнік міліцыі і паведаміў, што мае даручэнне ад Аршанскага райаддзела міліцыі яго апытаць. Маўляў, у Оршы супраць Скрыля завялі адміністрацыйную справу па артыкуле 22.9 за сюжэт пра антысанітарны стан інтэрната ў горадзе Барань, паказаны на тэлеканале “Белсат”.

Прайшоў месяц, але журналіст адзначыў, што ніякага далейшага развіцця падзей няма: яго нікуды не выклікаюць, не знаёмяць з пратаколам правапарушэння, не паведамляюць пра судовы разгляд справы. Тым часам насельнікі інтэрната казалі, што пасля выхаду відэасюжэту да  іх прыходзілі супрацоўнікі міліцыі: распытвалі пра аўтараў рэпартажу, пра склад здымачнай групы і гэтак далей.

Віталь Скрыль вырашыў даведацца, што ж сталася з ягонай адміністрацыйнай справай, дзеля якой праводзілася апытанне. Электронны зварот у міліцыю даў нечаканы вынік.

“Як высветлілася з афіцыйнага адказу, справы супраць мяне не было. Супрацоўнік міліцыі, які мяне апытваў, ці то не разабраўся, ці то знарок схлусіў, каб мяне застрашыць. Паводле начальніка ўпраўлення ўнутраных справаў Аршанскага раёна, па факце выхаду матэрыялу на тэлеканале “Белсат” проста праводзілася праверка. А да мяне прыйшлі таму, што я ўжо быў пакараны “за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”. Паводле такой логікі, да мяне будуць прыходзіць штораз, як толькі ў міліцыі паглядзяць “Белсат” і вырашаць, што трэба кагосьці пакараць”, — разважае журналіст-фрылансер.

Перспектыва быць “вечна падазраваным” яму не падабаецца. Хаця б ужо таму,  што ў сям’і журналіста гадуецца малое дзіця, і візіты міліцыі без дай прычыны абсалютна непажаданыя. Тым больш, калі “нязваныя госці” дакладна не ведаюць статус асобы, да якой прыходзяць з пытаннямі.  

Наступным разам, кажа Віталь Скрыль, без дакладнага азначэння ягонага статусу ў любой справе гаворак з міліцыянтамі проста не будзе.