538

Віцебскага фатографа папярэдзілі пра “ўсе артыкулы КаАП”

30.11.2020

Незалежнага журналіста Ігара Мацьвеева выклікалі ў пракуратуру Віцебска і  правялі з ім прафілактычную гутарку. “Пэўна, таму, што вас затрымлівалі на несанкцыянаваных акцыях”, — так  патлумачыў журналісту ўчастковы міліцыянт, які паведаміў пра выклік.

— У пракуратуры мне распавядалі пра недапушчальнасць правапарушэнняў. І далі прачытаць цэлы шэраг артыкулаў — аж да забароны з’яўляцца ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане і ўжываць гвалт у сям’і. Шчыра сказаць, быў здзіўлены такім “глабальным” падыходам, — распавёў журналіст.

Што да затрыманняў падчас акцый, то 15 лістапада Ігар Мацьвееў больш за тры гадзіны быў вымушаны правесці ў РАУС Кастрычніцкага раёна.

Яго затрымалі яшчэ да пачатку акцыі мірнага пратэсту, перад тым тройчы правяралі заплечнік. Калі міліцыянты ўбачылі фотаапарат і камізэльку з надпісам “Прэса”, то пыталіся, што журналіст хоча здымаць. У выніку Ігару Мацьвееву, які супрацоўнічае з сайтам “Народныя Навіны Віцебска”, не ўдалося зрабіць ніводнага здымка.

Таксама журналіст быў затрыманы 9 жніўня, калі ён выйшаў у горад вечарам пасля асноўнага дня галасавання на прэзідэнцкіх выбарах. Тады на яго склалі пратакол паводле артыкула 17.1 КаАП за дробнае хуліганства, тры дні пратрымалі ў ІЧУ і выпусцілі. Суда над ім так і не было — справу скасавалі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!