1067

Вэтэрынар, палітоляг, вірусоляг. Баўгарская «зорка» ў мэдыя-машыне Лукашэнкі

02.12.2020 Крыніца: "Радыё Свабода"

Калісьці Пламэн Паскаў быў палітыкам, іншым разам прадстаўляецца палітолягам, а зусім нядаўна — вірусолягам. Ён рэгулярна выступае ў навіновых і публіцыстычных праграмах дзяржаўнага тэлебачаньня Беларусі.

Ён распавядае пра тое, як каранавірус — гэта выдумка, пра тое, як фальсыфікаваліся выбары ў ЗША і як Джордж Сорас арганізаваў антыўрадавыя пратэсты ў Баўгарыі і Беларусі. Доказаў гэтых абвінавачваньняў можа і не быць, але для Пламэна Паскава заўсёды ёсьць эфір на канале «Беларусь 1».

Пра баўгарскага грамадзкага дзеяча Пламэна Паскава, які рэгулярна зьяўляецца на беларускім тэлебачаньні, распавядае ў сваім матэрыяле баўгарская служба Радыё Свабода.

Яго першы выступ на «Беларусь-1» адбыўся 14 жніўня сёлета. Потым Паскаў зьявіўся ў пятнічным аглядавым журналісцкім шоў «Панарама». Баўгарын быў прадстаўлены як вядомы палітык.

Паскаў сапраўды меў дачыненьне да палітыкі. У 2015 годзе ён быў кандыдатам у мэры ад прарасейскай партыі «Атака» у родным Дзімітраўградзе. Праз год ён быў незалежным кандыдатам у прэзыдэнты Баўгарыі, тады ён заяўляў, што краіна знаходзіцца пад «зьнешнім каляніяльным кіраваньнем», называў ЗША «акупантам». На выбарах ён набраў 10103 галасы, што дало яму 0,26%.

Ён тлумачыў у эфіры беларускага тэлебачаньня, як «зьнешнія сілы» арганізавалі акцыі пратэсту ў Беларусі і Баўгарыі. Па словах Паскова, «лялькаводы» наўмысна карысталіся аднолькавымі тэхналёгіямі: тры жанчыны былі сымбалем пратэсту ў Беларусі, а тры мужчыны — лідэрамі пратэсту ў Баўгарыі.

Потым Паскаў зьявіўся на беларускім тэлебачаньні 5 верасьня, калі ён казаў, што беларусаў нічога добрага не чакае, калі яны вырашаць пайсьці ў Эўразьвяз, як гэта зрабіла Баўгарыя.

26 кастрычніка на БТ ён даводзіў, што ў Беларусі няма ўмоваў для «каляровай рэвалюцыі». 2 лістапада Паскаў ізноў папярэджваў беларусаў на беларускай тэлевізіі, што на эўрапейскім шляху разьвіцьця Беларусі пагражае «зьнішчэньне прамысловасьці ў форме прыватызацыі», і зноў прывёў Баўгарыю ў прыклад. У гэтых выступах ён быў прадстаўлены як палітоляг.

Апошні ўдзел Паскава ў перадачы «Беларусь-1» — 11 лістапада, у гэтым раз ён ужо быў прадстаўлены як вірусоляг, ён даводзіў, што другая хваля COVID-19, як і першая — гэта дэзінфармацыя.

Якая з усіх гэтых характарыстыкаў слушная?

Пламэн Паскаў — вэтэрынарны ўрач, які нарадзіўся ў Дзімітраўградзе, дзе да гэтага часу мае офіс. Сам ён кажа, што гадамі працуе на расейскім рынку, дзе распрацаваў «вэтэрынарнае праграмнае забесьпячэньне».

Аднак у палітыцы яго спробы не мелі посьпеху. У 2019 годзе ён унесены ў сьпіс партыі «Адраджэньне» у якасьці кандыдата ў дэпутаты Эўрапарлямэнту. Тады партыя набрала крыху больш за 20 тысячаў галасоў, што складае 1,04%.

У Паскава ёсьць папулярны канал на YouTube, які мае дзясяткі тысячаў падпісчыкаў. Ён крытыкуе меры, якія ўлады прымаюць супраць каранавірусу, крытыкуе апазыцыю ў Беларусі, падтрымлівае меркаваньні Дональда Трампа наконт фальсыфікацыяў на амэрыканскіх выбарах.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!