2574

“Верагоднасць цуду” ад Міколы Ільючыка

22.06.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Сябра Лунінецкай філіі БАЖ Мікола Ільючык прэзентаваў зборнік апавяданняў і мініяцюр “Верагоднасць цуду” .

“Кніга доўгачаканая, — адзначыў Мікола ў сваім выступе, — два гады праляжала ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”, а потым вырашыў перадаць  яе ў Брэсцкую друкарню”.

Аўтар таксама распавёў, што з фінансаваннем дапаглі сябры. Але, на жаль, прыйшлося адмовіцца ад каляровых іллюстрацый.

У прадмове зборніка гаворыцца: “У сваёй творчасці аўтар імкнецца ісці ад жыцця, якое, вядома ж, бывае розным — і драматычным, і трагічным, і рамантычным, а нярэдка і анекдатычным… Такія і творы, што склалі кнігу, — яны прымушаюць чытача і пасміхацца, і задумацца, і прыслухацца да сваіх пачуццяў, да голаса сэрца… “

Асноўная працоўная біяграфія Міколы прайшла ў Лунінецкім райаддзеле па надзвычайных сітуацыях. Зараз ён выйшаў на пенсію, працуе карэспандэнтам газеты “Информ-прогулка».

Ужо пабачылі свет такія зборнікі твораў Міколы Ільючыка, як “Ці жыве душа”, “Шматкроп’е кропель”, “Роспач і надзея”, аповесць “У памяти в долгу». Ён таксама аўтар дзіцячай кнігі “Цуд на Каляды”. Друкаваўся ў шэрагу калектыўных зборнікаў.

Павіншаваць калегу прыйшлі сябры па Беларускай асацыяцыі журналістаў, а таксама прадстаўнікі Саюза беларускіх пісьменнікаў, літаратары і прыхільнікі яго творчасці.

— Ужо думаю пра выданне новай кнігі прозы, — прызнаўся Мікола ў размове са службай маніторынгу БАЖ.

Пажадаем журналісту і пісьменніку здзейснення планаў. А чытачам — і надалей атрымліваць асалоду ад яго твораў.

Фота Максіма Гарда

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!