282

Велізарныя штрафы — Шчыраковай і Меркісу

18.06.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

У Цэнтральным судзе Гомеля 18 чэрвеня пакаралі адміністрацыйнымі штрафамі за відэастрымы для тэлеканала "Белсат" двух журналістаў-фрылансераў, сябраў ГА "БАЖ" Яўгена Меркіса і Ларысу Шчыракову.

Агульная сума штрафаў склала 2 160 рублёў.

Яўген Меркіс

Адміністрацыйны пратакол, складзены міліцыяй у дачыненні Яўгена Меркіса паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП разглядаў суддзя Віктар Казачок. Ён адхіліў амаль дзясятак хадайніцтваў журналіста: на відэазапіс працэсу, бясплатнага адваката, удзел у судзе абаронцы ад ГА "БАЖ", дапрацоўку пратакола, выклік у суд у якасці сведкі міліцыянта, які складаў пратакол.

Адхілена ў тым ліку і хадайніцтва перанесці разгляд справы да таго моманту, пакуль беларуская дзяржава не прывядзе ў адпаведнасць нацыянальнае заканадаўства з міжнароднымі пагадненнямі аб праве грамадзян на збор і распаўсюд інфармацыі. (Таго патрабуе Камітэт ААН па правах чалавека ў адмысловым рашэнні ад 12 снежня 2019 года па скарзе іншага гомельскага журналіста-фрылансера.)

У судзе Яўген Меркіс сваёй віны не прызнаў. Патлумачыў, што не з'яўляецца штатным карэспандэнтам польскага спадарожнікавага тэлеканала "Белсат", не мае з ім на тое працоўнай дамовы. Журналіст не адмаўляў, што 7 чэрвеня сапраўды вёў стрым  каля ўнівермага "Гомель", дзе ладзіліся пікеты па збору подпісаў за альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта.

"Стрым з пікета можа праводзіць кожны чалавек, нават вы, калі будзе вольны час", — звярнуўся Меркіс да суддзі.

Ён зазначыў таксама, што не вырабляў прадукцыі СМІ, як пазначана ў міліцэйскім пратаколе. Бо не мантаваў відэа, не ставіў яго на сайт "Белсата".

"А чаму вы кажаце ў эфіры: "Тэлеканал "Белсат" вітае вас?", — пытаўся суддзя пасля прагляду фрагментаў стрыма абвінавачанага фрылансера.

"Так прасцей. Не буду ж я ў жывым эфіры тлумачыць, што я вось такі, журналіст-фрылансер", — адказаў Яўген.

Агучыўшы дакументы справы, суддзя Казачок, не выходзячы ў дарадчы пакой, пастанавіў аштрафаваць Яўгена Меркіса на 35 базавых велічынь, што адпавядае 945 рублям.

"Улады працягваюць ціснуць на незалежных журналістаў, якія ва ўмовах засілля дзяржаўных СМІ і афіцыйнай прапаганды спрабуюць распавядаць людзям пра тое, што робіцца апошнім часам у Беларусі. Канешне, гэта звязана з выбарамі, улады напалоханыя пратэстнымі настроямі.  Нягледзячы на ціск, я і, мяркую, усе іншыя незалежныя журналісты, будуць працягваць прафесійна рабіць сваю справу — усебакова інфармаваць людзей пра падзеі не толькі ў сталіцы, але і ў абласных цэнтрах, малых гарадах і паселішчах", — зазначыў у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА "БАЖ" Яўген Меркіс.

Ларыса Шчыракова

Літаральна праз 15 хвілін пасля агучанай пастановы на штраф у дачыненні Меркіса, у іншай зале таго ж суда Цэнтральнага раёна пачаўся адміністрацыйны працэс журналісткі-фрылансера Ларысы Шчыраковай.

Сама Шчыракова ў судзе не прысутнічала. Напісала заяву, што не можа з'явіцца ў суд, бо знаходзіцца цяпер на самаізаляцыі з прычыны неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі — пандэміі каранавіруса. 

Суддзя Сяргей Кармановіч аб'явіў, што з міліцыі на Шчыракову паступілі тры адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя на падставе ч. 2 арт. 22.9 КаАП за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для тэлеканала "Белсат".

7 траўня журналістка асвятляла на плошчы Леніна ў Гомелі пікет салідарнасці з арыштаваным Сяргеем Ціханоўскім, а 28 і 31 траўня вяла стрымы з пікетаў па збору подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзідэнты.

Суддзя аб'яднаў тры пратаколы ў адну справу і пастанавіў аштрафаваць Ларысу Шчыракову на 45 базавых велічынь, альбо на 1215 рублёў.

На пасяджэнні прысутнічаў назіральнік БХК Віктар Адзіночанка.

"Дзяржава стварыла глебу для такіх уяўных парушэнняў. Паглядзіце, той жа "Белсат" не раз падаваў заяўкі ў Міністэрства замежных спраў на акрэдытацыю і атрымліваў адмову. Цяпер на падставе адсутнасці акрэдытацыі жорстка штрафуюць журналістаў-фрылансераў. З іншага боку, дзяржаўныя СМІ, тая ж гарадская газета "Гомельскія ведамасці", не заўважаюць шматлюдныя пікеты па збору подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта. Іх нібыта няма. Але ж гараджане ўсё бачаць, ім вочы не завяжаш", — кажа назіральнік Адзіночанка.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!