НЕ - ВАЙНЕ!
251

Вайсковае ведамства будзе звальняць кантрактнікаў, злоўленых на цікавасці да “экстрэмісцкага кантэнту”

24.11.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

Міністэрства абароны ініцыявала пашырэнне пераліку падстаў для скасавання кантрактаў з вайскоўцамі – адпаведныя змены ў інструкцыю аб парадку заключэння дамоваў на праходжанне службы ва Узброеных сілах Беларусі ўнесеныя спецыяльнай пастановай № 49.

Дакумент за подпісам міністра абароны Віктара Хрэніна афіцыйна апублікаваны 22 лістапада на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале і адразу ўступае ў сілу.

З тэксту абноўленай пастановы вынікае, што асобы, якія выказалі жаданне далучыцца да армейскіх шэрагаў, павінны адмовіцца ад любых праяваў палітычных сімпатый і грамадзянскай пазіцыі.

У прыватнасці, патэнцыйных кантрактнікаў папярэджваюць пра недапушчальнасць удзелу ў вулічных акцыях ды іншых “супрацьзаконных акцыях”. Гэта, дарэчы, тычыцца і курсантаў мілітарных установаў. 

Выключыць любы ўдзел у сходах, мітынгах, вулічных шэсцях, дэманстрацыях, пікетаваннях, іншых масавых мерапрыемствах, якія  праводзяцца з парушэннем вызначанага парадку, або заклікі да іх арганізацыі.

Тое ж тычыцца і сабатажу ўласна вайсковай службы праз страйкі ды іншыя нібыта “незаконныя” спосабы – хоць ва ўсім свеце прадугледжваецца публічная магчымасць абароны сваіх правоў, калі ўлада ігнаруе такія патрабаванні.   

Недапушчальнасць заклікаў да ўдзелу ў забастоўцы або спынення выканання абавязкаў ваеннай службы без паважных прычын, стварэнне перашкод для выканання акрэсленай працы. 

Акрамя таго, узятым на бюджэтны заробак вайскоўцам даводзіцца, што ім катэгарычна забараняецца мець дачыненне да носьбітаў “экстрэмісцкай інфармацыі”. Выглядае, што маюцца на ўвазе перадусім падпіскі на “нелаяльныя” да рэжыму СМІ, каналы, чаты ды іншыя інтэрнэт-пляцоўкі.  

Забаронена распаўсюджваць інфармацыйную прадукцыю, якая змяшчае заклікі да “экстрэмісцкай дзейнасці” або прапагандуе такую ​​дзейнасць, а таксама вырабляць, захоўваць або перавозіць з мэтай распаўсюду такую інфармацыйную прадукцыю.

З улікам масавага “зліву” персанальных звестак дзяржаўных службоўцаў у публічную прастору ў 2020 годзе, да чаго ў тым ліку прыклалі руку тагачасныя супрацоўнікі сілавых структур, цяпер любая ўцечка будзе мець наступствы.

Не дапускаецца парушэнне патрабаванняў, выкладзеных у заканадаўстве аб абароне персанальных дадзеных, якое можа пацягнуць прычыненне шкоды дзяржаўным, грамадскім інтарэсам або інтарэсам грамадзян Рэспублікі Беларусь. 

Усе гэтыя “парушэнні працоўных адносінаў” будуць падставай для датэрміновага скасавання кантракта з канкрэтным вайскоўцам ці курсантам. Як паказвае практыка, з іх яшчэ спагоняць немалую грашовую кампенсацыю за ўкладзеныя сродкі ў навучанне і працаўладкаванне.   

Удакладняецца, што ў выпадку нанясення пагрозы “нацыянальнай бяспецы” правапарушальнікамі ў пагонах ужо будуць займацца іншыя структуры.   

Таксама звяртае на сябе ўвагу, што новая пастанова масава выключае з інструкцыі пасля згадвання Міністэрства абароны слоў "Рэспубліка Беларусь". Няўжо першыя прыкметы “саюзнай інтэграцыі”?

Чытайце яшчэ:

Эпідэмія, рэвалюцыя, рэпрэсіі, вайна… Ці застаецца месца культуры на старонках беларускіх СМІ?

Instagram-старонка праекту «Август2020» прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі»

У Даніі за 2000 эўра, у Літве за 20, у Польшчы чакаць 8 месяцаў. Як беларусам пабрацца шлюбам за мяжой

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!