НЕ - ВАЙНЕ!
177

Вайскова-палітычнага аглядальніка Ягора Лебядка Лукашэнка пазбавіў звання “старшы лейтэнант”

21.09.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

Аляксандр Лукашэнка сваім указам пазбавіў вайсковых, міліцэйскіх і пракурорскіх званняў больш як 80 былых супрацоўнікаў сілавых ведамстваў – у дадатак да аналагічнага мінулагодняга спісу. Сярод “разжалаваных” аказаўся і Ягор Лебядок – публіцыст, аналітык, эксперт.  

21 верасня Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал апублікаваў прозвішчы вышэйшых і малодшых афіцэраў, а таксама прапаршчыкаў і сяржантаў, пазбаўленых ранейшых званняў. Гэта пры тым, што многія атрымалі свае пагоны задоўга да пачатку кадэнцыі Лукашэнкі.

Удакладняецца, што пералічаныя асобы пазбаўленыя званняў "за ўчыненне злачынстваў, правапарушэнняў і дыскрэдытуючых правін, несумяшчальных са статусам ваеннаслужачага, работніка органаў пракуратуры".

Калі ў перакладзе на зразумелую мову, на самой справе пакараныя за тое, што асудзілі безпадстаўны гвалт сілавікоў у 2020 годзе і сталі на бок народа. 

У спісе “адзначаных” фігуруе і старшы лейтэнант запасу Ягор Лебядок — адзін з найбольш дасведчаных вайскова-палітычных аглядальнікаў, аўтар Telegram-канала пра ваенную бяспеку Беларусі, сталы каментатар шэрагу незалежных СМІ. Фактычна за медыйную актыўнасць і пацярпеў – фармальнай падставай стала нібыта садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці за ўдзел у праграмах “Еўрарадыё”. 

Асабліва меркаванне вайсковага эксперта стала запатрабаваным з пачаткам маштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны. Нягледзячы на “крамольныя” ацэнкі, аналітык заставаўся ў Беларусі і прынцыпова адмаўляўся з’яжджаць з краіны. 

Адметна, што Ягор Лебядок – колішні лаўрэат прэзыдэнцкай стыпендыі таленавітым маладым навукоўцам-кандыдатам навук ва ўзросце да 35 гадоў.

Ягора Лебядка затрымалі сёлета 13 ліпеня ў родных Смалявічах. Спачатку асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту паводле артыкула 24.3 КаАП (непадпарадкаванне міліцыі), але пасля адбыцця тэрміна на волю ён так і не выйшаў – аказалася, што паралельна пачалі крымінальную справу на падставе артыкула 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Ад таго часу знаходзіцца ў СІЗА № 1 Мінска, яму пагражае да 7 гадоў зняволення.

Праваабаронцы прызналі Ягора Лебядка палітычным вязнем. 

Ягор Лебядок нарадзіўся 17 красавіка 1982 года ў Смалявічах. Пасля мясцовай школы скончыў фізічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Пачынаў інжынерам-тэхнолагам прадпрыемства “Інтэграл”, затым праходзіў службу афіцэрам у 120-й Рагачоўскай механізаванай брыгадзе на пасадзе камандзіра ўзвода.

Ад 2008 года – малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута фізікі НАН Беларусі, намеснік загадчыка лабараторыі оптаэлектронікі і галаграфіі.

Абараніў дысертацыю “Аптымізацыя параметраў лазерных дыёдных лінеек” на атрыманне вучонай ступені кандыдата фізіка-матэматычных навук. Паралельна атрымаў другую вышэйшую адукацыю ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце.  

Аўтар некалькіх дзясяткаў артыкулаў па фізіцы паўправаднікоў, лазернай фізіцы і оптаэлектроніцы.

У 2019 годзе стварыў Тэлеграм-канал @Lebiadok — незалежны канал пра вайсковую бяспеку Беларусі. Падчас драматычных падзеяў 2020 года  падпісаў зварот прадстаўнікоў навуковай грамадскасці ў сувязі з фальсіфікацыяй прэзідэнцкіх выбараў і наступнымі мірнымі пратэстамі.

Неўзабаве пасля выхаду пасквіля ў газеце “Советская Белоруссия”  звольнены з навукова-вытворчага аб’яднання “Оптыка, оптаэлектроніка і лазерная тэхніка”.

У якасці вайсковага эксперта рэгулярна каментаваў сітуацыю па палітыцы і бяспецы для незалежных беларускіх і замежных выданняў: Zerkalo.io, “Наша Ніва”, Радыё Свабода, “Еўрарадыё”, Bloomberg, The Wall Street Journal ды іншых. 

Дата суда над Ягорам Лебядком пакуль не агучваецца. 

Чытайце яшчэ:

Брыфінгі Мінабароны РФ, бітва за ўраджай, перапосты прапагандыстаў. Што расказваюць чытачам раёнкі?

В Беларуси заблокировали новостной сайт Blizko.by

Як дапамагчы палітвязням, якія выходзяць на волю?

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!