Аўтарская калонка

Вадзім Мажэйка: Шчырая размова пра касякі “Белсату”

28.05.2019 Аўтарская калонка Вадзіма Мажэйкі 1008

Калі мы хочам, каб альтэрнатыва беларускаму дзяржаўнаму тэлебачанню была моцнай і прафесійнай, трэба шчыра і адкрыта размаўляць пра праблемы.

 

Недзяржаўныя медыя ў Беларусі працуюць ва ўмовах, мякка кажучы, далёкіх ад ідэальных. Нават не буду пералічваць месцы Беларусі ў розных рэйтынгах свабоды прэсы — дастаткова ўзгадаць выпадак, калі журналіста ў будынку суда АМАП збіваў нагамі, а потым гэты ж суд пакараў… самога журналіста за напад на сілавікоў і нецэнзурную лаянку.

У такім кантэксце неяк няёмка наракаць на памылкі ў працы недзяржаўных медыя, патрабаваць акуратнасці. Але з іншага боку — не ад БТ ж чакаць бездакорнага датрымання стандартаў. Па вялікім рахунку, недзяржаўныя медыя і мусяць быць адрознымі тым, што працуюць якасна, не ўводзяць аўдыторыю ў зман.

Возьмем да прыкладу “Белсат”. Усе суперажываюць, калі ў іх мінскім офісе следчыя ўтвараюць вэрхал ды канфіскуюць тэхніку; калі судзяць чарговага фрылансера ў рэгіёнах за “незаконны выраб прадукцыі СМІ”; калі міліцыя затрымлівае журналістаў, перашкаджае працаваць. Да таго ж на “Белсаце” працуе шмат знаёмых медыйшчыкаў, сяброў ды проста добрых людзей, якія ў неспрыяльных умовах робяць важную справу.

Але ж сарамліва замоўчваць касякі ў працы — класічны прыклад мядзведжай паслугі. Калі мы хочам, каб альтэрнатыва беларускаму дзяржаўнаму тэлебачанню была моцнай і прафесійнай, то трэба шчыра і адкрыта размаўляць пра праблемы.

Зрэшты, гэтая калонка скіраваная менавіта на тое, каб публічна пазначаць праблемы і праз гэта спрыяць іх вырашэнню. Спадзяюся, негатыўныя эмоцыі, якія гэты тэкст выкліча ў рэдакцыі “Белсату”, будуць накіраваныя на канструктыўную працу па падвышэнні якасці кантэнту, а не на мяне альбо асобных супрацоўнікаў тэлеканала.

Які такі клуб

Разбяру адзін канкрэтны сюжэт тэлеканала “Белсат” — звярнуў на яго ўвагу, бо гэта асвятленне мерапрыемства, дзе я быў адным з удзельнікаў. Можна было б паспрабаваць вырашыць пытанні з рэдакцыяй асабіста, як ужо не раз рабіў я і мае знаёмыя. Але хочацца пратэсціраваць інструмент публічнага абмеркавання.

Вось гэты сюжэт.

І ў відэа, а на сайце тры (!) разы ўзгадваецца, што мерапрыемства прайшло ў Press Club Belarus. Хаця няўзброеным вокам бачна, што ў кадры сталічны гатэль Crowne Plaza. Больш за тое, Press Club Belarus не меў аніякага дачынення да арганізацыі мерапрыемства. Пра гэта можна было даведацца і з прэс-рэлізу (быў надрукаваны адмыслова для журналістаў), і з публічнага анонсу, ладзіў дыскусію і прэзентаваў сваё даследаванне “Ліберальны клуб”.

Усё гэта бачна ў несупадзенні відэашэрагу і закадравага тэксту.

Гэта некарэктна ў дачыненні да ўсіх: гледачам даводзяць непраўдзівую інфармацыю пра арганізатара, парушаючы стандарт дакладнасці, у “Ліберальнага клуба” ў медыйным сэнсе крадуць мерапрыемства, арганізацыя якога патрабавала пэўных высілкаў, а Press Club Belarus прыпісваюць чужое.

 

“Эксперты кажуць” тое, чаго яны не казалі

Але на гэтым недакладнасці ў сюжэце не сканчваюцца.

Матэрыял мае загаловак “Эксперты: у барацьбе з прапагандаю Крамля ў беларускіх ідэолагаў няма шанцаў”. Далей у матэрыяле з’яўляюцца двое экспертаў — ваш пакорлівы слуга і старшыня ГА "БАЖ" Андрэй Бастунец.

Але ніводны з нас не кажа пра шанцы ідэолагаў у барацьбе з прапагандаю Крамля.

Хутчэй наадварот: я згадваю перамены, якія адбыліся ў ідэалагічнай вертыкалі пасля анэксіі Крыма. Тады пачалі прыбіраць заходнерусістаў, а потым — будаваць так званую медыйную вертыкаль.

Пра медыйную вертыкаль “Белсат” тлумачыць быццам бы з матэрыялаў даследавання, але на свой дзіўны лад:

“Ключавую ролю ў гэтай вертыкалі эксперты Ліберальнага клубу адводзяць Адміністрацыі прэзідэнта … а маніторынгам грамадскай думкі павінен займацца Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў”.

Між тым, нідзе ў даследаванні я не сцвярджаю, што ў медыйнай вертыкалі роля Адміністрацыі прэзідэнта як інстытуцыі — ключавая (размова пра асобаў, якія працуюць на розных пасадах, у тым ліку па-за прэзідэнцкай адміністрацыяй). І тым больш не было тэзы пра маніторынг грамадскай думкі ад Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў. Больш за тое, гэты новаўтвораны інстытут наўпростава публічна адмовіўся ад правядзення сацыялагічных апытанняў, якімі займаўся ягоны папярэднік — ІАЦ.

"Эксперты” ў множным ліку тут таксама недарэчы, бо і даследаванне я пісаў без суаўтараў, і на мерапрыемстве ад “Ліберальнага клуба” выступаў адзін.

Адзінкавы выпадак? На жаль, не

У гэтым матэрыяле пяць разоў узгаданыя эксперты, але фактычна агучваецца зусім не іх пазіцыя. Чыя — адкрытае пытанне, бо матэрыял падпісаны імем аднаго журналіста, а на мерапрыемстве прысутнічаў іншы.

Дарэчы, пра прысутнасць на мерапрыемстве. Мо, гэтая кіпа памылак выкліканая тым, што ў журналістаў проста не было часу паслухаць дыскусію? Бо каментары запісаныя да яе пачатку. Усе мы людзі, і арганізатары заўсёды гатовыя зразумець журналістаў, якія спяшаюцца сыходзіць, каб здаваць матэрыял рэдактару. А ў дадзеным выпадку былі гатовыя нават затрымаць пачатак дыскусіі, пакуль са спікерамі запішуць каментары. Але сумна, што ў выніку ўсё вядзе да такіх памылак у сюжэце.

Гэта можна было б спісаць на недапрацоўкі ў асобным матэрыяле, да якога я прычапіўся з-за асабістай прычыны. Але, нажаль, парушэнні медыйных стандартаў у навінах “Белсату” фіксуюцца пастаянна. Так, згодна з маніторынгам Media IQ, “Белсат” у лютым-красавіцу 2019 года заняў апошняе і перадапошняе месцы ў рэйтынгу беларускіх медыя па датрыманні стандартаў.

Я шчыра спадзяюся, што гэтая калонка, як і згаданы маніторынг, дапамогуць рэдакцыі канала заўважыць праблемы ў сваёй рабоце і выправіць іх.

Бо моцнае і якаснае беларускамоўнае тэлебачанне патрэбнае ўсім нам.

***

Рэдакцыя сайта можа не падзяляць меркаванні аўтараў матэрыялаў.