Аўтарская калонка

Вадзім Мажэйка: Хто апрануў на параненага шлем нацыстаў?

24.06.2019 Аўтарская калонка Вадзіма Мажэйкі 1059

Медыя мусіць арыентавацца на інтарэсы чытача і прафесійныя стандарты. Дарослыя ж людзі самі нясуць адказнасць за свае погляды, яе не варта перакладаць на плечы журналістаў.

Фота: старонка Дзмітрыя Рубашэўскага ў Facebook

Рэчаіснасць не чорна-белая

Дыскусія пра медыйную этыку прайшла ў журналісцкай частцы беларускага Facebook. Ну, як пра этыку: усе таўравалі адзін аднога ды высвятлялі, хто — нацыст, а хто — канапны змагар. Але разбярэмся ў сутнасці.

“Наша ніва” надрукавала нататку пра параненага Дзмітрыя Рубашэўскага “Ва Украіне страціў вока беларускі добраахвотнік: ён ваяваў пад пазыўным “Ганс” і з рунамі “SS” на шлеме”. Навіна закранае адразу некалькі тэмаў, якія чапляюць увагу ды выклікаюць халівары: неанацызм, вайсковыя дзеянні ва Украіне, спачуванні земляку (да таго ж цяжка параненаму). Але іх супадзенне нетыповае для тых, хто ў гэтым канфлікце стаіць на баку паўднёвай суседкі Беларусі. Замест зразумелай чорна-белай карціны “беларускі герой дапамагае ўкраінскім братам у барацьбе з цёмнымі сіламі з усходу” выявілася, што “герой” не цураецца ідэалогіі нацыянал-сацыялізму.

Заўважым, што жыццё насамрэч і з’яўляецца не чорна-белым. У такіх наратывах, як узброенае супрацьстаянне, досыць лёгка навесіць ярлыкі: “нашыя” супраць “ворагаў”. Але такіх персанажаў, як Доктар Ліза альбо добраахвотнік Рубашэўскі, у стэрэатыпы ўціснуць цяжка.

Таму важна, каб медыя распавядалі падобныя гісторыі, якія прымушаюць чытача пачухаць патыліцу і паразважаць над тым, як ставіцца да такога рознага жыцця. Але раздражняцца і бэсціць журналістаў, вядома, прасцей.

Адказнасць за сябе

Пазіцыі крытыкаў “Нашай Нівы” супярэчлівыя. Адны кажуць, што ў акопах усе роўныя і не падзяляюцца на правых і левых, а таму не істотна, што там у добраахвотніка быў за шлем. Другія — што “не ўсё так проста”, што герой быў не за гітлераўскі нацыянал-сацыялізм, а за нейкі сучасны (хоць асабіста я дык не разумею, чым гэта можа быць лепей). Трэція не спрачаюцца, што руны “SS” — дрэнны атрыбут, а толькі наракаюць, што акцэнтаванне на гэтым увагі ў загалоўку можа нашкодзіць параненаму: маўляў, горш будзе ісці патэнцыйны збор сродкаў на рэабілітацыю.

Але ж хто апрануў на параненага шлем нацыстаў: “Наша Ніва” альбо ён сам?

Рубашэўскі сапраўды ваяваў у гэтым шлеме, і такі здымак публічна размешчаны на ягонай старонцы ў фэйсбуку. І пра прыхільнасць нацыянал-сацыялістычнай ідэалогіі ён казаў у інтэрв’ю “Белсату” добраахвотна. То бок Дзмітрый Рубашэўскі — дарослы чалавек, які свядома не хаваў сваіх поглядаў. То чаму за магчымыя наступствы ягоных дзеянняў мусяць несці адказнасць журналісты?

Калі ўжо і ўзгадваць пра адказнасць медыя, то ў першую чаргу яны адказныя перад чытачамі. Не надта сумленна было б расказаць ім гісторыю пра параненага суайчынніка, які добраахвотна абараняў зямлю ўкраінскага народа, і з дадатковай інфармацыі ўзгадаць толькі што ён раней працаваў на друкарскім станку. Так, сапраўды, веданне пра нацыянал-сацыялістычныя погляды Рубашэўскага можа некага і адштурхнуць ад дапамогі добраахвотніку. Але чытач мае поўнае права фарміраваць уласнае стаўленне да героя навіны, а медыя адказнае за тое, каб даць для гэтага поўную і праўдзівую інфармацыю.

Зрэшты, “Наша Ніва” ў матэрыяле на навешвае ярлыкі і не робіць за чытача высновы, а прафесійна датрымліваецца стандартаў.

Уся інфармацыя пададзеная са спасылкамі на крыніцы, і толькі адна з іх ананімная: калектыўныя “беларусы, якія ваююць ва Украіне”, паведамілі “Нашай Ніве”, што Рубашэўскага заахвоціў ехаць ва Украіну Эдуард Лобаў. Асноўная ж інфармацыя — пра раненне добраахвотніка, яго гісторыю і погляды суправаджаецца гіперлінкамі, у тым ліку на інтэрв’ю самога Рубашэўскага. 

Ёсць спасылкі і на крыніцу фотаздымкаў (Facebook Рубашэўскага), прычым апублікаваныя яны менавіта з пазнакай прыватнасці “Для ўсіх”. То бок гэта не "брудная бялізна", якую журналісты адкапалі пры сумнеўных абставінах, а візуальны кантэнт, які публічна размешчаны ў сеціве.

Паколькі герой публікацыі цяжка паранены, то зразумела, чаму ў яго немагчыма ўзяць хуткі каментар. Але ў публікацыі выкарыстоўваецца простая мова Рубашэўскага з ягоных ранейшых размоваў з журналістамі. Такім чынам, у добраахвотніка прысутнічае магчымасць патлумачыць аўдыторыі сваё стаўленне да нацыянал-сацыялізму. Ну, а ўжо наколькі пераканаўча гэта ён робіць і якое стаўленне да яго пасля такіх словаў будзе ў аўдыторыі — гэта адказнасць Рубашэўскага, а не рэдакцыі.

Медыя – не актывісты

Журналісты граюць у грамадстве ролю ніяк не меншую за НДА альбо палітыкаў. Гэта асабліва актуальна ва ўмовах не надта дэмакратычных краін, калі медыя часам вымушаныя вырашаць глабальныя праблемы і падмяняць сабою неэфектыўныя інстытуты (напрыклад, па кантролю за карупцыяй).

Да таго ж апошнім часам актыўна развіваюцца праекты на мяжы грамадскага актывізму і журналістыкі: расійскі сайт “Такие дела” альбо беларускі “Имена”. Гэта непазбежна выклікае дыскусіі пра прафесійную этыку.

Безумоўна, кожны журналіст — жывы чалавек, у якога можа быць чулая душа і грамадска-палітычная пазіцыя. Але я прытрымліваюся падыходу, што медыйныя стандарты і інтарэсы чытача мусяць стаяць на першым месцы.

Падсумоўваючы: для медыкаў галоўныя інтарэсы пацыента, а для медыя — інтарэсы чытачоў.