3612

Ужо больш за 100 матэрыялаў разгледжана “на экстрэмізм”, у 25-і “былі прыкметы”

06.02.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Барацьба з экстрэмізмам

Такія лічбы агучыла 5 лютага на калегіі Міністэрства інфармацыі кіраўніца гэтага ведамства Лілія Ананіч.

Як перадае БелТА са спасылкай на міністра, больш за 100 матэрыялаў разгледжаныя рэспубліканскай экспертнай камісіяй па ацэнцы інфармпрадукцыі на экстрэмізм. А ў 25-і з іх “былі прыкметы, якія падпадаюць пад пазіцыі “экстрэмізм, прапаганда ідэй нацызму, расавай, рэлігійнай нецярпімасці” ці “літаратура, якая магла б выкарыстоўвацца ў тэрарыстычных мэтах”.  

“У дзяржавы ёсць рычаг уздзеяння, каб сачыць за друкаванымі плынямі”, – адзначыла Лілія Ананіч.  

У мінулы раз да тэмы працы экспертнай камісіі міністр звярталася ў часе анлайн-канферэнцыі 19 студзеня.

Тады Лілія Ананіч засяроджвалася на інфармацыйнай прадукцыі, што паступіла з-за мяжы.

“Літаральна ў мінулым годзе на адрас рэспубліканскай камісіі паступіла важкая доля інфармацыйнай прадукцыі, якая прыйшла ў Беларусь з-за мяжы. У пераважнай большасці такіх матэрыялаў мы выявілі звыш 13 найменняў прадукцыі з прыкметамі экстрэмізму – яе распаўсюд быў забаронены. Выданні ўтрымлівалі прыкметы распальвання расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці, прапаганду выключнай перавагі нацый, нацысцкую сімволіку і атрыбутыку...”, – зазначыла тады Лілія Ананіч.

Нагадаем, што Рэспубліканская экспертная камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у ёй прыкмет праяў экстрэмізму была створана пастановай Савета Міністраў №810 ад 21 жніўня 2014 года.

Мэта – “недапушчэнне распаўсюду на тэрыторыі Беларусі інфармацыйных матэрыялаў экстрэмісцкага характару, для абароны грамадскіх інтарэсаў ад дэструктыўных праяў у інфармацыйнай прасторы”. Пастанову прымалі “ў развіццё закона Беларусі “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму””.

Пастанова прадугледжвае стварэнне сістэмы экспертных камісій у кожнай з абласцей Беларусі. Рэспубліканская экспертная камісія, створаная пры Міністэрстве інфармацыі, мае выконваць функцыі экспертнай камісіі па Мінску. Камісія праводзіць экспертызу інфармацыйнай прадукцыі на тэрыторыі Мінска. Таксама ў яе кампетэнцыі – узгадненне палажэнняў пра абласныя камісіі, распрацоўка рэкамендацый для абласных камісій.