399

Увесь арышт трымаў галадоўку. На волю выйшаў журналіст Алесь Сабалеўскі

07.09.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У панядзелак у Магілёве выйшаў на волю журналіст рэгіянальнага інфармацыйнага сайта “Магілёўскі рэгіён” Алесь Сабалеўскі. Усе 8 сутак арышту, прызначаных судом нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, журналіст трымаў галадоўку.

Журналіста вызвалілі прыкладна ў 17.15, каля сцен магілёўскага ізалятара яго сустракалі калегі, сябры, неабыякавыя грамадзяне — агулам чалавек трыццаць.

Алесь кажа, што адчувае сябе больш-менш. Паводле яго слоў, стаўленне супрацоўнікаў ІЧУ было адэкватным, фізічную сілу не прымянялі.

Нагадаем, Алеся Сабалеўскага затрымалі 30 жніўня, калі ён вёў анлайн-рэпартаж з пратэстнага шэсця ў Магілёве. Амаль суткі сваякам нічога не было вядома пра яго месца знаходжання. Толькі позна ўвечары 31 жніўня калегі даведаліся, што Алеся затрымалі міліцыянты і даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

1 верасня суддзя Ленінскага раёна Магілёва  Вікторыя Палякова пакарала Сабалеўскага арыштам на восем сутак. На падставе міліцэйскага пратакола яна прызнала журналіста вінаватым у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП). “Вёў анлайн і такім чынам прыняў удзел у несанкцыянаванай акцыі”, — прыйшла да высновы суддзя.

З моманту абвяшчэння судовага рашэння Сабалеўскі на знак нязгоды аб’явіў галадоўку.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!