НЕ - ВАЙНЕ!
105

Усю інфармацыю “Беларускага расследавальнага цэнтра” прызналі “экстрэмісцкай”. Журналісты звернуцца ў ААН

01.11.2022 Крыніца: Служба маніторынгу БАЖ

Суд Цэнтральнага раёна Мінска прыняў рашэнне прызнаць “экстрэмісцкімі матэрыяламі” кантэнт, апублікаваны ад імя Беларускага расследавальнага цэнтру ажно на двух дзясятках інфарэсурсах. Акрамя сайту, у “чорны спіс” дадалі старыя адрасы ў Facebook і Instagram, а таксама лагатыпы, якія змяшчаюць назву Belarusian Investigative Center і абрэвіятуру BIC.

І хоць судовае рашэнне датаванае яшчэ 24 кастрычнікам, пра вердыкт удзельнікам журналісцкага праекту стала вядома толькі напярэдадні з паведамлення дзяржСМІ, якія, у сваю чаргу, спасылаюцца на прадпісанне пракуратуры Мінска.   

“Мы ўспрынялі гэта як прызнанне нашага прафесіяналізму і будзем працягваць выяўляць факты карупцыі і кумаўства ў Беларусі і за яе межамі”, – пракаментавалі рашэнне суда ў Беларускім расследавальным цэнтры.

Як удакладніў службе маніторынгу БАЖ кіраўнік журналісцкага аб’яднання Станіслаў Івашкевіч, “нічым не абгрунтаванае рашэнне” інтэрнацыянальныя юрысты збіраюцца абскардзіць у Камітэце ААН па правах чалавека. Гэта будзе другі па ліку зварот у высокую інстанцыю, бо ўжо ёсць дакументы на разгляд іншай справы – на адмену прызнання “экстрэмісцкім” асобнага расследавання па “справе артапедаў”, якое здарылася ў жніўні.  

Беларускі расследавальны цэнтр (Belarusian Investigative Center) – гэта незалежны прадзюсарскі цэнтр, які спецыялізуецца на аналітычных жанрах. Журналісты-расследавальнікі выкрываюць прапаганду рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і беспрэцэдэнтную карупцыю ў ягоным атачэнні.

Ад красавіка 2022 года Беларускі расследавальны цэнтр з'яўляецца чальцом міжнароднага Цэнтра па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці (Organized Crime and Corruption Reporting Project – OCCRP). Гэта аб'яднанне сродкаў масавай інфармацыі і асобных рэпарцёраў, якія займаюцца журналісцкімі расследаваннямі ва Усходняй Еўропе, на Каўказе, у Цэнтральнай Азіі, Лацінскай Амерыцы і Афрыцы, заснаванае ў 2007 годзе ў Сараеве Дру Саліванам і Полам Раду

Супраца пачалася  практычна ад моманту заснавання – спачатку на ўзроўні сумесных публікацый, а з дня паўнапраўнага сяброўства ў OCCRP стартаваў новы этап з прызнаннем беларусаў журналістамі высокага ўзроўню.

Журналісты цэнтра – лаўрэаты прэміі "Вольнае слова" Беларускай асацыяцыі журналістаў за расследаванні ў 2018, 2019, 2020 і 2021 гадах, летась таксама ўзялі першае месца ў катэгорыі "Аналітыка".

Цалкам відавочна, што палітычны рэжым Лукашэнкі надзвычай нервова ўспрымае само існаванне Беларускага расследавальнага цэнтра. А таму “экстрэмісцкае” прызнанне – хутчэй лагічнае, чым нечаканае. 

Дастаткова паглядзець загалоўкі на сайце Belarusian Investigative Center https://investigatebel.org/by, каб у гэтым пераканацца: “Колькі «будаўнічыя кашалькі" Лукашэнкі вывелі з Беларусі і як маглі «адмываць» грошы праз ААЭ і Кіпр”, “Варабей і ягоныя сябры ў еўрапейскіх элітах: якія багацці сям'я Лукашэнкі зберагла ад санкцый у ЕС”, “Як беларускія дзяржслужбоўцы скуплялі кватэры ў Балгарыі”, “Як маці Мікалая Лукашэнкі апынулася заснавальніцай прыватнай школы ў Драздах”, нарэшце, першы матэрыял з серыі “экстрэмісцкіх” пад назвай “Сяброўка Ліліі Лукашэнкі і алігархі сталі бенефіцыярамі справы артапедаў” ды  многія іншыя. 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!