405

“Уся інфармацыя на БелТА”. У Брэсцкім аблвыканкаме адмовіліся даваць каментар наконт выпадку сібірскай язвы

14.08.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Журналістка газеты “Комсомольская правда” в Беларуси” Аксана Бровач спрабавала даведацца падрабязнасці пра выпадак сібірскай язвы ў Столінскім раёне, дзе ад гэтай небяспечнай хваробы памёр конь. Аднак рэакцыя на пытанне ў чыноўніка з Брэсцкага абласнога выканкама атрымался вельмі нервовая.

“Што вы ад мяне хочаце? Уся інфармацыя на БелТА. Вы чытаць умееце? Там як напісана?”, — працытавала ў Facebook Аксана Бровач свайго суразмоўцу.

Варта дадаць, што афіцыйнае паведамленне пра выпадак сібірскай язвы, якую ў Беларусі не рэгістравалі цягам апошніх 20 гадоў, прэс-служба Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання РБ распаўсюдзіла выключна для дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА.

На спробу брэсцкай журналісткі ўсё ж атрымаць каментар з абласной адміністрацыі адказ быў наступны: “Вы хочаце, каб я паставіў пад сумнеў словы прэс-службы міністэрства?”.

Незалежныя журналісты ў Беларусі рэгулярна сутыкаюцца з сітуацыяй, калі не толькі прадстаўнікі дзяржструктур, але і самі супрацоўнікі прэс-служб замест афіцыйнага каментара раілі чытаць стужку навін дзяржаўнага інфармагенцтва альбо газеты. Маўляў, усю інфармацыю мы ўжо прадаставілі ім.