1125

«Усе раз'ехаліся. Няма каму праводзіць». Мінздароўя не сустракалася з журналістамі з 24 красавіка, не адказвала на пытанні з 17 красавіка

08.05.2020 Крыніца: "Наша Ніва" Сюжэт: COVID-19

«Усе раз'ехаліся. Няма каму праводзіць» — такі адказ дала прэс-сакратарка Міністэрства аховы здароўя Юлія Ваніна на пытанне журналістаў, ці адбудзецца 8 мая камунікацыя адказных асоб Міністэрства з журналістамі.

Пазней 8 мая ў тэлеграм-канале Мінздароўя з'явілася паведамленне, што міністр Уладзімір Каранік разам з галоўнай доктаркай Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Ірынай Абельскай ды іншымі кіраўнікамі са сферы аховы здароўя ўсклалі кветкі да помніка чырвонаармеўцаў, якія загінулі каля вёскі Падгор'е Мінскага раёна ў чэрвені 1941 года.

Апошні раз брыфінг у Міністэрстве адбыўся 24 красавіка. Тады намесніца міністра Алена Богдан зачытала падрыхтаваную інфармацыю і адмовілася адказваць на пытанні карэспандэнтаў.

Перад тым прэс-канферэнцыя адбылася 17 красавіка з удзелам міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка. На ёй ён і яго калегі прыкладна 45 хвілін выступалі з уступнымі словамі, пасля чаго каля 10 хвілін адказалі на некалькі пытанняў журналістаў — пры гэтым выбіралі самі, хто можа задаць пытанні.

Тая прэс-канферэнцыя скончылася пратэстамі. Сын памерлага ў Барысаве фельчара звінаваціў міністра ў хлусні наконт яго бацькі. Міністр заявіў, што ў прычыне смерці гэтага медработніка яшчэ трэба разабрацца, на што сын прадэманстраваў пасведчанне аб смерці таты з указаным у ім COVID-19.

Акрамя таго, журналісты выявілі, што названыя міністрам Каранікам лічбы хворых па раёнах Віцебскай вобласці ў разы разыходзяцца з колькасцю, абвешчанай у той жа дзень мясцовымі ўладамі.

У большасці еўрапейскіх краін у час пандэміі ўпаўнаважаныя асобы санітарных службаў штодзённа інфармуюць грамадскасць пра сітуацыю. У многіх краінах кіраўнікі ведамства робяць гэта асабіста. Статыстыка, у тым ліку па раёнах, не складае ў іншых еўрапейскіх краінах таямніцы.

Па афіцыйных звестках, па стане на 7 мая ў Беларусі зафіксавана больш за 20 тысяч выпадкаў каранавіруса. 

Мяркуючы па той інфармацыі, якая даходзіць у СМІ, найгоршая сітуацыя склалася ў Віцебскай вобласці, Мінску, Стоўбцах (Мінская вобласць), Баранавічах, Лунінцы (Брэсцкая вобласць), Гомелі, Буда-Кашалёве (Гомельская вобласць), Барысаве (Мінская вобласць). У Гродзенскай вобласці трывожныя весткі прыходзяць з Навагрудка. Прычым, як можна зрабіць выснову, супастаўляючы наяўныя звесткі, у многіх рэгіёнах колькасць пнеўманій у шмат разоў перавышае як звычайныя для гэтага сезона паказчыкі, так і афіцыйна зарэгістраваную колькасць выпадкаў каранавіруса. Апошнія афіцыйныя звесткі пра загружанасць бальніц і колькасць шпіталізаваных пацыентаў з пнеўманіяй прагучалі 2 мая — тады іх было 12 800. Усе наступныя дні колькасць выяўленых выпадкаў каранавіруса ў разы перавышала колькасць вылечаных хворых. 

Учора стала вядома, што да прыёму каранавірусных хворых рыхтуюць яшчэ адну бальніцу — Мінскую абласную клінічную ў Бараўлянах.
https://nn.by/?c=ar&i=251401

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!