498

“Ураджайны” тыдзень незалежнага журналіста — сума штрафаў склала амаль 3 тысячы

08.06.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Суд Калінкавіцкага раёна 7 чэрвеня пакараў журналіста-фрылансера з Гомеля Кастуся Жукоўскага адміністрацыйным штрафам у памеры 735 рублёў – паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП.

https://baj.by/sites/default/files/event/preview/aa.jpg

Пастанову на штраф у памеры 30 базавых велічыняў суддзя Святлана Кугейка вынесла завочна. Жукоўскі ў гэты час знаходзіўся па-за межамі краіны.  Фрылансер прызнаны вінаватым у незаконным вырабе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для польскага тэлеканала “Белсат”.

У вёсцы Навінкі Калінкавіцкага раёна Кастусь Жукоўскі рабіў відэаапытанне сярод землякоў застрэленага ў войску Дзмітрыя Удода. Ён быў адным з шасці дзяцей у сям’і. Па словах суcедзяў, Дзмітрый вельмі хацеў у войска, але з прычыны праблем са здароўем яго прызвалі не адразу. Не адслужыўшы нават поўны год, малады салдат вярнуўся з войска ў труне. Сямейнікі дагэтуль у шоку. Ім спачувае ўся вёска.

Фрагменты інтэрв’ю з вяскоўцамі былі скарыстаныя тэлеканалам “Белсат” у відэасюжэце “Жаўнера застрэлілі ў войску. Хто вінаваты?” Міліцыя пры складанні пратакола, а пасля і суд прызналі гэта незаконным вырабам прадукцыі СМІ з боку журналіста-фрылансера, хоць здымкі яго складаюць усяго толькі адну пятую частку ад працягласці сюжэта.

Гэта ўжо трэці падобны штаф Жукоўскаму за бягучы тыдзень і сёмы ад пачатку года. Сума штрафаў фрылансеру за тыдзень склала 2940 рублёў, ад пачатку года – 6639,5 рублёў.

Штрафы журналістам па арт. 22.9 КаАП (табліца, абнаўляецца)