310

Украінскі тэлеканал скасаваў тэлемост з Расеяй, баяцца фізычнай расправы з журналістамі

08.07.2019 Крыніца: "Радыё Свабода"

Украінскі тэлеканал NEWSONE заявіў аб скасаваньні тэлевізійнага мосту «Трэба пагаварыць», анансаванага на 12 ліпеня з расейскім тэлеканалам.

«На працягу апошняга часу шэраг палітычных партый у дачыненьні да нашага тэлеканалу распачалі масавую інфармацыйную атаку. У ход пайшлі заявы пра акцыі пратэсту каля каналу, а з учорашняга вечара — і проста пагрозы фізычнай расправы да журналістаў ды іхных сваякоў», — адзначаецца ў заяве тэлеканалу.

Кіраўніцтва каналу падкрэсьліла, што гаворка ішла аб арганізацыі першага непалітычнага тэлемосту, а ціск на кампанію сьведчыць пра вяртаньне Ўкраіны «ў часы прамога запалохваньня і ціску на журналісцкія свабоды».

Але нягледзячы на гэтую заяву, Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу аб садзейнічаньні дзяржаўнай здрадзе. Генпракурор Юры Луцэнка заявіў, што на допыт выкліканыя ўласьнік тэлеканалу і вядоўца, які анансаваў тэлемост. Паводле яго, сьледчыя зараз рыхтуюць судовы пазоў аб арышце актываў тэлеканалу.

Сёньня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі адрэагаваў на жаданьне расейскага і ўкраінскіх тэлеканалаў правесьці супольны тэлевізійны мост і заклікаў украінцаў не паддавацца маніпуляцыям. Ён зьвярнуўся з заклікам да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна правесьці пры пасярэдніцтве эўрапейскіх лідэраў і прэзыдэнта ЗША перамовы ў Менску, каб адказаць на пытаньні, чый Крым і каго няма на Данбасе.

Асобна кіраўнік украінскай дзяржавы зьвярнуўся да журналістаў, што працуюць на каналах, якія зьвязваюць зь імем кума расейскага прэзыдэнта Віктара Медзьведчука:

«Хачу зьвярнуцца да ўкраінскіх журналістаў асобна, асабліва да журналістаў гэтых каналаў. Хтосьці купіў каналы, але ня вас: вы ня ёсьць маёмасьцю, вы не калекцыя Медзьведчука, вы не рабыня Рабіновіча, вы чацьвёртая ўлада, вы таксама слугі народу».