НЕ - ВАЙНЕ!
2247

Украінскага журналіста Віталя Мароза хацелі зняць з самалёта "Белавія" ў Кіеве

14.10.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Украінскага журналіста Віталя Мароза спачатку хацелі зняць з самалёта "Белавія" ў Кіеве, а пасля ў аэрапорце "Мінск" вырашалі ці дазваляць яму застацца ў Беларусі. І нават паспелі паставіць штамп аб забароне ўезду ў Беларусь. Цягам апошніх чатырох год Марозу тройчы ставілі такія штампы ў пашпарт.

— Мой бацька жыў у Кіеве.
— А я вучыўся ў Чарнігаве.
Так размаўлялі паміж сабой беларускія памежнікі, за некалькі хвілін да таго, як паставілі мне чарговы (чацвёрты ў маёй гісторыі) штамп у пашпарце "Уезд забаронены", выконваючы загад зверху. А ўжо праз некалькі хвілін ім ператэлефанавалі і далі "адмену".

Усё ж пусцілі, зараз ужо ў гатэлі, хоць тады, у аэрапорце, разважаў, якім рэйсам мяне адправяць назад — начным або ранішнім. Размову са мной вялі як памежнікі, так і прадстаўнік КДБ у цывільным. Яны паспелі паклікаць прадстаўніка авіяцыйнай службы, які мусіў мяне адвесці ў залу адлёту,  дзе я б павінен быў чакаць рэйса на самалёт у Кіеў. Але я працягваў размаўляць з памежнікамі, яны маладыя хлопцы, даволі ветлівыя, і калі нагадаў ім, што адносіны паміж Беларуссю і ЕС пацяплелі, ім ператэлефанавалі каб пускаць", — напісаў у сваім Facebook украінскі журналіст Віталь Мароз.

Перад вылетам з Кіева Мароза спрабавалі "зняць" з самалёта "Белавія".

Два тыдні таму праз сайт беларускага КДБ Віталь Мароз напісаў запыт з пытаннем ці ёсць перашкоды для ўезду — адказу не атрымаў, таму палічыў, што ўсё ў парадку.

Мароз распавёў, што гэта была чацвёртая (і цяпер удалая) спроба патрапіць у Беларусь. У яго пашпартах ужо былі тры адзнакі аб забароне ўезду. Тлумачэнняў ніколі не давалі.

Віталь Мароз — украінскі журналіст, кіраўнік праграм новых медыя ГА «Інтерньюз-Україна».

14-16 кастрычніка ў Мінску ўкраінскія адмыслоўцы праводзяць трэнінг па верыфікацыі інфармацыі для журналістаў. Віталь Мароз заяўлены як адзін з трэнераў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!