3108

Уключай мазгі! Аналітычная журналістыка — навучальны курс (да 8 cакавіка)

06.03.2017

11.03.2017 — 29.04.2017. Мінск-Вільня

Эпоха інтэрнэту, сацыяльных сетак зрабіла свет нібыта празрыстым, інфармацыю — імгненнай і даступнай, але разам з тым спарадзіла і новыя магчымасці для маніпуляцый, накідання «пастпраўды». Сёння чытач патанае ў плыні паведамленняў (у тым ліку фэйкавых), трапляе у абцугі супрацьлеглых інтэрпрэтацый. У яго едзе дах, мацнее ўражанне, што ў логіцы падзей, матывах дзейных асоб немагчыма разабрацца, а наступствы немагчыма спрагназаваць.

І тут выходзіце вы ва ўсім белым і прыгожа раскладаеце сітуацыю ці праблему па палічках, абмалёўваеце імаверныя варыянты развіцця таго ці іншага вострага сюжэту. Авацыі, лайкі, добрыя ганарары.

Вядома, за адзін раз мэтрам не станеш. Але калі вы журналіст і хочаце навучыцца асэнсоўваць падзеі, бачыць іх подбіўку, трапна і выразна каментаваць, то курс «Уключай мазгі! Аналітычная журналістыка» можа даць для гэтага добры грунт.

Курс будуецца як цыкл лекцый і трэнінгаў з удзелам знаных журналістаў, палітолагаў, сацыёлагаў, палітыкаў.

Вы даведаецеся пра тое, як:

— назапашваць і фільтраваць інфармацыю, вылучаць галоўнае, выпрацоўваць канцэпцыю матэрыялу, тэхналагічна яго будаваць;

— працаваць з экспертамі, сацыялагічнымі звесткамі;

— арыентавацца ў спецыфіцы палітычнага, эканамічнага і медыйнага ландшафту Беларусі;

— асвятляць выбары, разумець гульні кіроўнага класа, палітыкаў і паліттэхнолагаў з электаратам ды прэсай;

— абыходзіць падводныя камяні ва ўзаемадачыненнях з палітыкамі, уладай;

— абіраць той ці іншы жанр для найлепшага раскрыцця тэмы;

— выкарыстоўваць для пошуку тэм і прамоцыі матэрыялаў сацыяльныя сеткі;

— супрацьстаяць маніпуляцыям, вызначаць фэйкі, пазбягаць уцягвання ў інфармацыйныя войны ды інш.

Асноўны трэнер — Аляксандр Класкоўскі, майстэрству публіцыстыкі будзе вучыць Аляксандр Фядута, асвятленню геапалітычных падзей — Андрэй Махоўскі (REUTERS), а экспертным меркаваннем і тэмамі для будучых артыкулаў падзеляцца Іна Рамашэўская (BIPART), Алена Арцёменка, Аляксандр Аўтушка-Сікорскі, Дзяніс Мельянцоў (BISS).

ДА ЎДЗЕЛУ ЗАПРАШАЮЦЦА: журналісты, студэнты факультэтаў журналістыкі альбо выпуснікі школ маладога журналіста з Мінска і рэгіёнаў.

АПІСАННЕ КУРСА:

Курс «Уключай мазгі! Аналітычная журналістыка» складаецца з сямі заняткаў, якія правядуць беларускія прафесіяналы, і майстар-класу замежнага трэнера. Заняткі будуць праходзіць раз на тыдзень па суботах з 15.00 да 18.00.

Заяўкі на ўдзел ў навучальным курсе «Уключай мазгі! Аналітычная журналістыка» прымаюцца па электроннай пошце на адрас: baj@baj.by (з пазнакай "Аналітыка") да 8.03.2017.

Ваша заяўка павінна ўтрымліваць:

1. Кароткі расповед пра сябе (не больш за 1 000 знакаў).

2. Абгрунтаванне свайго жадання ўдзельнічаць у курсе.

Колькасць удзельнікаў абмежаваная.

Глядзіце таксама: Навучальны курс «Эфектыўныя прэс-службы» (заяўкі да 6 сакавіка)

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!