310

Участковы шукае журналістку Ларысу Шчыракову ў "Аднакласніках" і праз тэлефанаванні непаўнагадоваму сыну

24.05.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

За апытанку ўчастковы з Гомеля шукае журналістку Ларысу Шчыракову ў "Аднакласніках" і праз тэлефанаванні непаўнагадоваму сыну.

Апытаннем жыхароў Гомеля на тэму: "Хто ці што спыніць палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі?", якое правяла журналістка-фрылансер, сябра ГА "БАЖ" Ларыса Шчыракова, зацікавіліся міліцыянты з Цэнтральнага РАУС Гомеля. Участковы міліцыянт Арцём Жаўняк праз паведамленне ў "Аднакласніках" даслаў журналістцы патрабаванне з'явіцца ў райаддзел для складання адміністрацыйнага пратакола пра незаконны збор і распаўсюд інфармацыі (арт. 23.5 КаАП).

"Участковы Жаўняк добра вядомы ў горадзе, бо часта затрымліваў людзей і рыхтаваў на іх пратаколы. Раней ён на мабільны дасылаў смс-паведамленні. Тэлефон у мяне забралі падчас ператрусу. Дык участковы знайшоў мяне ў сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі" і праз фэйкавы акаўнт выклікаў у міліцыю. Я напісала ў адказ, каб складаў пратаколы без майго ўдзелу. Аднак майго тлумачэння яму, відаць, было замала. Ён стаў тэлефанаваць майму непаўнагадоваму сыну і дапытвацца, дзе маці. Тэлефанаваў двойчы: адзін раз, калі сын быў ў школе, другі — калі ён толькі рыхтаваўся да заняткаў. Гэта новая спроба ціску на мяне за маю прафесійную дзейнасць, прычым самым непрыстойным спосабам — праз дзіця. Сын палохаецца тэлефанаванняў з міліцыі", — кажа Шчыракова.

24 траўня ў другой палове дня суд Цэнтральнага раёна мае разгледзець два адміністрацыйныя пратаколы  ў дачыненні  да Ларысы Шчыраковай за нібыта незаконны выраб  і распаўсюд прадукцыі СМІ

Журналістку Ларысу Шчыракову шмат разоў затрымлівалі і штрафавалі за нібыта незаконны збор і распаўсюд інфармацыі, асабліва, калі рэпартаж ці апытанка з'яўляліся на спадарожнікавым тэлеканале "Белсат",  які транслюе беларускамоўныя перадачы з Польшчы.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!