Участковы інспектар Крычаўскага РАУС Аляксей Канашэнка пакараны за правапарушэнне пры выкананні службовых абавязкаў.
За тое, што ён своечасова не апавясціў рэдактара недзяржаўнай рэгіянальнай газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага аб спыненні ў адносінах да яго справы аб адміністрацыйным правапарушэнні. Таксама ўчастковы не растлумачыў С. Няроўнаму, што той мае права азнаёміцца з матэрыяламі гэтай справы.
Участковага інспектара Крычаўскага РАУС Канашэнка А. А. прыцягнулі да матэрыяльнай адказнасці за парушэнне ч. 2 артыкула 10.26 ПвКаАП Рэспублікі Беларусь. Пра гэта паведаміў у лісце да Сяргея Няроўнага начальнік Крычаўскага РАУС Сяргей Чупрын. Таксама С. Чупрын напісаў журналісту, што той можа азнаёміцца з матэрыяламі аб спыненні адміністрацыйнай справы супраць яго ў Крычаўскім РАУС.
Сяргей Няроўны звярнуўся з заявай на імя начальніка Крычаўскага РАУС 4 студзеня 2017 года. Рэдактар “Вольнага горада” прасіў правесці службовае расследаванне з мэтай выяўлення прычын парушэння супрацоўнікамі Крычаўскага РАУС ч. 2 арт. 10.26 ПвКаАП Рэспублікі Беларусь – неапавяшчэння яго аб прынятай пастанове па заяве С. Каплуновай. Таксама Няроўны прасіў праінфармаваць пра вынікі службовага расследавання ў пісьмовым выглядзе.
Нагадаем, што рэдактара незалежнай газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага 21 верасня выклікалі ў Крычаўскі РАУС. Падставай для выкліку паслужыла заява ў РАУС грамадзянкі Каплуновай.
Святлана Каплунова абвінаваціла журналіста ў тым, што “Няроўны без яе згоды надрукаваў пра яе ў газеце, а яна не хоча быць у апазіцыі”. Абураная гэтым крычаўчанка прасіла прыцягнуць рэдактара выдання да адказнасці.
Падставай для заявы паслужыла фота ў газеце “Вольны горад”, узятае з сайта тэлеканала “Белсат”. Здымачная група гэтага тэлеканала прыязджала ў Крычаў, каб зняць рэпартаж пра капітальны рамонт у праблемным доме ў мікрараёне “Сож”. Святлана Каплунова найбольш актыўна распавядала журналістам пра праблемны дом, бо лічыла, што здымачная група прыехала з дзяржаўнага беларускага тэлебачання.
Супрацоўнікі Крычаўскага РАУС правялі праверку па заяве С. Каплуновай і не знайшлі парушэнняў у дзеяннях рэдактара “Вольнага горада”.