324

У журналіста Змітра Казакевіча адбыўся чарговы ператрус

22.12.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Журналіст Зміцер Казакевіч распавёў, што папярэдзіў міліцыянтаў пра тое, што ён і жонка хворыя на каранавірус.  Але іх гэта не спыніла: правялі ператрус, забралі ноўтбук і флэшку.

У пастанове на ператрус было напісана, што следчыя дзеянні праводзяцца ў межах крымінальнай справы, дзе падазраваным выступае жыхар Віцебска Павел Гагалінскі. Яго вінавацяць ў гвалтоўных  дзеяннях у дачыненні сілавікоў (артыкул 364 КК). У журналіста, які супрацоўнічае з тэлеканалам “Белсат”, хочуць знайсці фота- альбо відэаматэрыялы падзей 6 верасня, калі ў Віцебску адбылася сутычка ўдзельнікаў акцыі пратэсту з міліцыянтамі.

Зміцер Казакевіч зазначае, што зноў застаўся без ноўтбука, а значыць, і без магчымасці працаваць. Падобная сітуацыя ўжо была ў сярэдзіне кастрычніка, калі ў яго забралі два ноўтбукі, у тым ліку жончын, а таксама некалькі флэшак і два старыя працэсары, ужо даўно непрыдатныя для выкарыстання. А ў лістападзе забралі мабільны тэлефон, заявіўшы, што будуць праводзіць экспертызу.

Усе гэтыя рэчы дагэтуль не вярнулі, і Змітру Казакевічу каштавала пэўных высілкаў, каб забяспечыць сябе тэхнічнымі сродкамі працы.

Пакуль у Змітра Казакевіча праходзіў ператрус, у віцебскіх журналістаў з’явілася інфармацыя, што ператрус, верагодна, праводзяць і ў калегі журналіста — відэааператара Вячаслава Лазарава. Але гэта не пацвердзілася. Да слова, маёмасць Лазарава таксама пэўны час знаходзілася ў міліцыі: месяц таму ў яго забралі аўто з усім абсталяваннем, якое там захоўвалася. Паводле міліцыянтаў, яны праводзілі  праверку нумара VIN ягонай машыны. Толькі два дні таму аўтамабіль дазволілі забраць, але вярнулі з прабітым колам.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!