293

У журналіста з Клімавічаў правялі вобшук. Перавярнулі ўсё

21.03.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Да клімавіцкага журналіста Сяргея Аржанцава 19 сакавіка прыйшлі супрацоўнікі праваахоўных органаў, каб правесці вобшук у яго кватэры.

Як кажа Сяргей Аржанцаў, сілавікі прыйшлі да яго ў кватэру, калі там знаходзілася яго маці. Самога журналіста іншыя прадстаўнікі праваахоўных органаў чакалі на вуліцы. У Аржанцава адразу ж забралі і прагледзелі тэлефон. Пасля гэтага праваахоўнікі прайшлі з журналістам у яго кватэру, прымусілі Аржанцава ўключыць камп’ютар, і прагледзелі інфармацыю, якая там захоўваецца.

Пасля гэтага ў кватэры правялі ператрус: праваахоўнікі даставалі рэчы з шафаў, кнігі, павытрасалі з тэчак вялікі асабісты архіў журналіста. Вобшук працягваўся прыкладна 1,5 гадзіны, у выніку нічога крымінальнага супрацоўнікі міліцыі так і не знайшлі.

Паводле Аржанцава, міліцыянты спачатку хацелі забраць маланакладныя выданні з яго архіву, але пасля перадумалі. У выніку вобшуку ў яго нічога не забралі.

Вобшук праводзіўся ў межах крымінальнай справы, распачатай мясцовым аддзелам Следчага камітэта. Сілавікі расследуюць дзейнасць мясцовага клімавіцкага тэлеграм-канала.

Пасля вобшука Аржанцава пісьмова папярэдзілі аб крымінальнай адказнасці за экстрэмісцкую дзейнасць.

У гутарцы з карэспанэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ” журналіст адзначыў, што ён ніякім чынам не парушаў беларускае заканадаўства і не разумее такой пільнай увагі з боку праваахоўных органаў.

Па словах журналіста, пасля вобшуку ён вымушаны спыніць адміністраванне мясцоовай суполкі  «Клімавіцкая старонка» ў сацсетцы «ВКонтакте». Супрацоўнікі праваахоўных органаў атрымалі доступ да гэтай суполкі, пасля вобшуку там адбыліся змены — быў выдалены спіс падпісчыкаў, фотаальбомы, некаторыя допісы і г. д.

На момант закрыцця ў суполцы было 1749 падпісчыкаў.

“К сожалению, группа "Клімавіцкая старонка" вынуждена закрыться. Сегодня, 19 марта 2021 года, в моей квартире прошёл обыск, был получен доступ к компьютеру, что отразилось на содержании "Клімавіцкай старонкі" и делает невозможной её дальнейшую деятельность. В связи с этим сообщаю всем подписчикам и читателям, что с этого момента не имею никакого отношения к появлению любой информации в группе или от имени группы. С уважением, Сергей Аржанцев", — напісаў журналіст у сваім развітальным запісе.

Сяргей Аржанцаў — сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. На працягу шэрагу гадоў ён выдаваў маланакладную газету “Клімавіцкая інфа-панарама”, цесна супрацоўнічаў з газетай “Вольны горад”, інтэрнэт-парталам “Магілёўскі рэгіён”, некаторымі іншымі незалежнымі выданнямі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!