217

У Вярхоўным судзе гродзенец абскарджвае штраф за экстрэмізм “Вконтакте”

30.05.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гродзенец Аляксандр Горбач 28 траўня накіраваў касацыйную скаргу на судовае рашэнне ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь. Перад гэтым старшыня Гродзенскага абласнога суда не задаволіў яго надзорную скаргу, а рашэнне пра параканне за рэпосты ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” пакінуў у сіле.

Аляксандр Горбач патрабуе скасаваць рашэнне суда Кастрычніцкага раёна Гродна ад 20 лістапада 2018 г. Тады суддзя Валер Шпак прызнаў Горбача вінаватым паводле двух артыкулаў Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і аштрафаваў на 30 базавых велічыняў (5 б.в. паводле арт. 17.10 КаАП і 25 б.в. паводле ч. 2 арт. 17.11 КаАП, агулам 735 рублёў).

Артыкул 17.10 КаАП РБ: Прапаганда і (або) публічная дэманстрацыя, у тым ліку з выкарыстаннем глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт альбо іншай інфармацыйнай сеткі, выраб і (або) распаўсюд нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі.

Частка 2 артыкула 17.11 КаАП РБ: Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюду такой інфармацыйнай прадукцыі, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства.

Адміністрацыйны працэс над Аляксандрам Горбачам пачаўся пасля таго, як праваахоўнікі выявілі на яго старонцы ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” перапосты з абрэвіятурамі і здымкамі антыфашысцкага зместу.

Катэгарычна нязгодны з вынікам судовай справыАляксандр Горбач звярнуўся з касацыйнай скаргай у Гродзенскі абласны суд. У выніку яе разгляду суддзя абласнога суда Васіль Скок 21 снежня 2018 года выключыў з рашэння Кастрычніцкага райсуда Гродна згадку пра размяшчэнне ў інтэрнэт-сеціве адной з абрэвіятур, але рашэнне ў частцы пакарання пакінуў без зменаў.

Пасля гэтага Аляксандар Горбач падаў надзорную скаргу старшыні Гродзенскага абласнага суда Аляксандру Корзуну, які таксама пакінуў яе без задавальнення.

“Вярхоўны суд можа скарыстацца сваім правам трактаваць закон, але асаблівага спадзёву я не маю, зазначыў у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ” Аляксандр Горбач.Раблю гэта дзеля таго, каб прайсці ўсе інстанцыі і абскардзіць сваю справу ў Камітэце па правах чалавека ААН. Спадзяюся на грамадскую і міжнародную падтрымку, бо мая справа гэта прыклад відавочнага парушэння нашых правоў на свабоду выказвання, свабоду атрымання, захоўвання і распаўсюду інфармацыі, свабоду слова”.

За рэпосты ў сацсетках паводле артыкула 17.11 КаАП раней таксама былі пакараныя штрафамі журналіст-фрылансер Аляксандр Дзянісаў і Уладзіслаў Серада. Яны спрабавалі абскардзіць рашэнні першай інстанцыі ў Гродзенскім абласным судзе, аднак пастановы ў дачыненні да іх пакінулі без змен (1, 2). Штраф за рэпосты ў сацсетцы атрымаў і гродзенец Уладзімір Глазкоў.