234

У Віцебску зноў затрымалі блогерку Алену Янушкоўскую — зноў вінавацяць паводле 23.34 КаАП

28.01.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У 55-гадовай заснавальніцы відэаблога “Настоящая Беларусь” забралі ноўтбук і тэлефон. А яе саму завезлі спачатку ў аддзел міліцыі Віцебскага раёна, а потым у ізалятар часовага ўтрымання.

Да суда, мяркуе дачка затрыманай Юлія Ўласенка: “Маму шукалі яшчэ з сярэдзіны студзеня. Найверагодней, таму, што яна выклала ў інтэрнэт відэа з прыватнай вечарыны, якая адбылася на Каляды. Людзі весяліліся, а цяпер іх судзяць як удзельнікаў несанкцыянаванага масавага мерапрымства. Аднаго з прысутных на вечарыне ўжо асудзілі. 28 студзеня ў суд выклікалі і мяне. Мама збіралася выступіць на працэсе ў якасці сведкі, але я не ведаю, як  будзе,  — ці змогуць яе апытаць з ІЧУ праз Skype”.

Не выключана, што цяпер адміністрацыйныя справы дачкі і маці аб’яднаюць. У такім выпадку Алену Янушкоўскую будуць судзіць таксама 28 студзеня. Але ў віцебскіх міліцыянтаў з’явілася прыкрая завядзёнка ўтрымліваць людзей пад вартай 72 гадзіны, а потым уручаць позву ў суд, які мае адбыцца  яшчэ праз некалькі дзён. Такім чынам, чалавека караюць двойчы: трыма суткамі зняволення да суда, а потым, паводле судовай пастановыі, ці  штрафам, ці працягам арышту.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!