НЕ - ВАЙНЕ!
423

У Віцебску журналістку Таццяну Мацвееву пакаралі арыштам на восем сутак

25.08.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

Судовы працэс прайшоў 25 жніўня ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска. Суддзя Уладзімір Царыкаў прызнаў Таццяну Мацвееву вінаватай у несанкцыянаваным пікетаванні.

У віну Таццяне Мацвеевай паставілі размяшчэнне аватаркі з белымі і чырвонымі палосамі і словамі Янкі Купалы “Хочам людзьмі звацца” на ўласнай старонцы ў Фэйсбуку. За гэта журналістка была затрымана 28 ліпеня, трое сутак яе трымалі ў віцебскім ізалятары часовага ўтрымання. І цяпер яна мусіць адбыць яшчэ пяць сутак за кратамі.

Сёння Таццяну Мацвееву забралі адбываць арышт проста з залы суда.

Паводле супрацоўніка Кастрычніцкага РАУС Віцебска Уладзіслава Шышкаўца, Мацвеева без дазволу райвыканкама размясціла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку “фотаздымак з бел-чырвона-белым сцягам, чым выказала сваю грамадска-палітычную пазіцыю”.

Таццяна не адмаўляла, што ўвесну 2021 года скарысталася прапановай Фэйсбуку аздобіць сваю асабістую выяву так званай «рамкай», але пікетаваннем гэта не лічыць. Яна патлумачыла, што на вуліцы ці плошчы не знаходзілася, транспарантаў не мела, нікога ні да чаго не заклікала, звянула ўвагу суда, што выказванне свайго меркавання праз інтэрнэт не з’яўляецца пікетам. Таксама журналістка коратка распавяла гісторыю бел-чырвона-белага сцяга і падкрэсліла, што шануе гэты сімвал.

Суддзя Уладзімір Царыкаў гэтых тлумачэнняў да ўвагі не прыняў. Як не палічыў вызначальнымі словы Таццяны Мацвеевай пра тое, што фотаздымак з рамкай у белым і чырвоным колерах даўно не з’яўляецца дзейнай аватаркай у Фэйсбуку, і што знайсці яго можна толькі шляхам адмысловага пошуку. 

Суддзя пастанавіў, што журналістка здзейсніла правапарушэнне паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП і вынес пакаранне — восем сутак адміністрацыйнага арышту.

Таццяну Мацвееву асудзілі толькі з другой спробы. Першы судовы працэс адбыўся 9 жніўня, але тады суддзя накіраваў адміністрацыйную справу на дапрацоўку, заўважыўшы недакладнасці ў пратаколе. Пакуль што застаецца невядомым лёс асабістых рэчаў журналісткі, забраных у яе падчас ператрусу 28 ліпеня. Ператрус, як патлумачылі міліцыянты, праводзіўся ў межых праверачных мерапрыемстваў па нейкай крымінальнай справе — у журналісткі забралі аргтэхніку, кнігі, паштоўкі. Непасрэдна пасля ператрусу на Таццяну Мацвееву і быў складзены адміністрацыйны пратакол за аватарку, якую супрацоўнікі міліцыі знайшлі на яе старонцы ў Фэйсбуку.

Чытайце яшчэ:

Палітзняволеная журналістка Ксенія Луцкіна: "Збіраюся з сіламі для таго, каб ісці далей"

Андрэй Пачобут: "Я не маю ніякіх ілюзій наконт прысуду"

«Газете Слонимской» аннулировали свидетельство о госрегистрации

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!