209 0

У Віцебску збіраюць подпісы за скасаванне судовай справы супраць Паўла Левінава

13.04.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Дата судовага працэсу ўжо прызначана, аднак  ініцыятары кампаніі па збору подпісаў спадзяюцца данесці  сваё меркаванне і пераканаць Кастрычніцкі суд Віцебска.

На праваабаронцу і сябра ГА "БАЖ" складзены пратакол за парушэнне артыкула 23.34 КаАП: Паўла Левінава затрымалі 26-га сакавіка і вінавацяць паводле падзеяў Дня волі.

У той дзень Павел Левінаў выконваў функцыі назіральніка РПГА “БХК” — назіраў, як у Віцебску праходзіць святкаванне ўгодкаў утварэння БНР. Аднак супрацоўнікі міліцыі склалі на яго пратакол як на ўдзельніка несанкцыянаванай акцыі.

Паводле падобных абвінавачанняў у Віцебску ўжо прайшлі суды над БАЖаўцамі Канстанцінам Мардзвінцавым (прысуджаны арышт на 15 сутак), Леаніам Свецікам (прасуджаны арышт на 15 сутак), Арцёмам Сізінцавым (прысуджаны арышт на 10 сутак). Былі пакараныя  “суткамі” ды штрафамі і некалькі актывістаў, шараговыя жыхары горада, у тым ліку блогерка Вольга Жураўская.

З Паўлам Левінавым здарылася прыкрая гісторыя: пасля затрымання яму стала кепска, хуткая дапамога дыягнаставала гіпертанічны крыз. Праўда, з Кастрычніцкага РАУСу яго шпіталізаваць не сталі, а ўжо з ізалятару часовага ўтрымання ён  трапіў у шпіталь.

Курс лячэння спадар Левінаў праходзіць і дагэтуль. Тым часам ягоныя калегі збіраюць подпісы, каб перадаць іх у Кастрычніцкі райсуд, каб справу супраць назіральніка  РПГА “БХК” скасавалі.

“Гэта нонсенс, каб назіральніка залічвалі ва ўдзельнікі імпрэзаў! Павел нічога не рабіў, ніякім чынам не дэмантраваў  ні свае палітычныя погляды, ні стаўленне да Дэкрэту № 3, як піша ў пратаколах віцебская міліцыя. Ен патрапіў да ўвагі міліцыі не справядліва — гэтаксама як журналісты, якія выконвалі ў Дзень волі свае прафесійныя абавязкі”, — кажа праваабаронца Ірына Траццякова, адна з ініцыятарак збору подпісаў.

Судовы працэс над Паўлам Левінавым усё ж распачаўся. 11-га красавіка суддзя Іна Грабоўская зайшла ў судовую залю літаральна на пару хвілін, каб абвясціць, што Левінаў у шпіталі, і таму разгляд мае быць адтэрмінаваны. Наступнае пасяджэнне прызначана на 17-га красавіка а 14.30. Да таго часу подпісы віцяблян, якія патрабуюць спыніць судовы пераслед  Левінава, ужо трапяць у Кастрычніцкі райсуд.

Каментары