423

У Віцебску затрымлівалі журналіста Віталя Скрыля

23.09.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Затрыманне адбылося падчас працы 22 верасня: Віталь Скрыль з напарнікам здымалі відэаапытанку жыхароў горада. Да іх падышоў супрацоўнік аддзела міліцыі Кастрычніцкага раёна Віцебска і паведаміў, што Скрыля шукае міліцыя.  Высветлілася, што ў дачыненні журналіста міліцыянты распачалі ажно тры адміністрацыйныя справы.

Віталь Скрыль

У Віцебскім раённым аддзеле міліцыі, куды даставілі Віталя пасля затрымання, паведамілі, што абвінавачваюць яго паводле артыкула 23.34 КаАП — за ўдзел у несанкцыянаваных вулічных акцыях у Віцебску 6, 13 і 20 верасня.

“Паказалі фотаздымкі. На іх відаць,што я ў камізэльцы з надпісам “Прэса”. Таксама я паказаў паперу, што маю рэдакцыйнае заданне асвятляць падзеі пасля выбараў. Міліцыянты зразумелі, што пакараць мяне за ўдзел у акцыях няма падставаў”, — распавёў карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ” пасля вызвалення Віталь Скрыль.

Паводле журналіста, міліцыянты сказалі, што могуць распачаць супраць яго справы за супрацу з тэлеканалам “Белсат” без акрэдытацыі. І пачалі распытваць, дзе можна знайсці ягоныя матэрыялы. Віталь Скрыль параіў часцей глядзець “Белсат”. Таксама яму заўважылі, што супрацоўнікі міліцыі некалькі разоў прыходзілі да яго дадому, але ім ніхто не адчыніў, што спрабавалі датэлефанавацца, але ніхто не адказваў.

Візіт у міліцыю скончыўся размовай з начальнікам аддзела міліцыі Віцебскага раёна і ягоным намеснікам. Размаўлялі ў асноўным пра палітыку і ролю СМІ ў асвятленні апошніх палітычных падзей.

Напрыканцы Віталю прапанавалі сказаць на камеру, чаму ён быў на мірных маршах пратэсту і што там рабіў.

Віталь Скрыль пагадзіўся і засведчыў, што з рапартамі пра парушэнне артыкула 23.34 КаАП ён не згодны, бо выконваў сваю працу журналіста. Потым яму далі падпісаць папярэджанне, што ён ведае пра наступствы ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, і адпусцілі.

Апрача Віталя Скрыля, віцебская міліцыя шукае незалежных журналістаў Алену Сцяпанаву і Вячаслава Лазарава. Якія абвінавачанні выстаўленыя ім, пакуль не вядома.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!