163

У Віцебску затрымалі Барыса Хамайду

19.11.2021 Крыніца: "Новы Час"

Міліцыя забірае ў яго беларускія кнігі, якія ён распаўсюджваў каля так званага «сіняга дому».

У райаддзеле міліцыі Чыгуначнага раёну найстарэйшаму віцебскаму апазіцыянеру паведамілі, што будуць правяраць выданні на “экстрэмізм”. Затрыманне адбылося каля поўдня ў цэнтры Віцебску каля дома №28 па вуліцы Леніна. На тым самым месцы, куды распаўсюднік беларускага друку прыходзіць штодня, піша Радыё Рацыя.

На думку Барыса Хамайды, усё робіцца дзеля таго, каб ён не выходзіў да людзей і не прапагандаваў беларушчыну:

— Напачатку забіралі сімволіку, бел-чырвона-белы парасон. І нарэшце я дачакаўся: забіраюць беларускамоўную літаратуру. Кажуць, што ў ёй нібыта ёсць фашыстоўская сімволіка, і кнігі забіраюць для вывучэння. Я пытаюся, ці доўга будуць вывучаць. Адказваюць, што будзе нейкая экспертыза, можа, месяц, можа, паўгода, можа, год.

 Барыс Хамайда і яго “выспа свабоды” ў цэнтры Віцебску даўно сталі гарадской славутасцю. Апазіцыянер пачаў выходзіць на гэтае месца яшчэ напрыканцы 1980-х гадоў, даўней тут ладзіліся пікеты, тут можна было набыць незалежную прэсу. “Працоўнае месца” распаўсюдніка аздабляў бел-чырвона-белы парасон і вышыванкі. Усё гэта было канфіскавана цягам апошняга году. Але Барыс Хамайда кажа, што не пакіне гэтае месца, нават калі ў яго канфіскуюць усё да рэшты: ён будзе прыходзіць сюды з раскладным крэслам і проста размаўляць з людзьмі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!