1637

У Віцебску выйшлі на волю БАЖаўцы Леанід Свецік і Канстанцін Мардзвінцаў

10.04.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "БАЖ"

Абодва адбылі па 15 сутак арышту нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным святкаваннi Дня Волі. Да таго, што БАЖаўцы мелі намер асвятляць гэту падзею для праваабарончага сайта “Віцебская вясна”, суд не прыслухаўся.

Усе 15 сутак шкадаваў, што не маю магчымасці абнаўляць сайт”
Першае пытанне рэдактара сайта “Віцебская вясна” Канстанціна Мардзвінцава здзівіла:

“Сайт адчыняецца? Не ўзламалі? Я ж не думаў, што траплю на 15 сутак толькі за тое, што прайшоў па горадзе з фотаапаратам! Таму нікому не даверыў правы на абнаўленне – думаў, што ўсё буду рабіць сам. А тут – арышт, і рабі што хочаш!”

Усе 15 дзён, пакуль рэдактара не было, калегі рабілі матэрыялы для “Віцебскай вясны”. Неўзабаве яны з’явяцца на сайце, а пакуль самы апошні матэрыял, які там ёсць, – менавіта пра Дзень Волі. Суддзя Іна Грабоўская прызнала Канстанціна Мардзвінцава ўдзельнікам несанкцыянаванай акцыі, судзіла яго за зачыненымі дзвярыма свайго кабінета, і прызнала журналіста правапарушальнікам.

Падчас арышту Канстанцін Мардзвінцаў зразумеў, што міжволі паспрыяў кансалідацыі віцебскай грамадскасці: сябры-БАЖаўцы распаўсюдзілі па сацыяльных сетках інфармацыю, што ў яго няма ў Віцебску ні родных, ні сваякоў. І адгукнуліся абсалютна незнаёмыя людзі, якія прынеслі ў ІЧУ перадачы для Канстанціна Мардзвінцава.

Даходзілі да арыштаваных і паштоўкі, дасланыя на знак салідарнасці, і нават тэлеграма з Чалябінску, кажа журналіст.

Паштоўкі прыносілі і глядзелі дзіўна: напэўна, да нас тут нікому нічога падобнага не дасылалі”

Падзяку за падтрымку выказвае і Леанід Свецік, віцебскі БАЖавец і праваабаронца:

“Умовы ў ізалятары – трываць можна. Але без праяваў салідарнасці было б горш, прынамсі, на душы! Напэўна, гэтыя паштоўкі разглядалі ўсім ізалятарам, бо яны былі незвычайныя: і на тэму правоў чалавека, і з відамі Віцебска, зробленыя паводле здымкаў нашага БАЖаўца Юрыя Шэпелева. З Полацку даслалі паштоўкі са звярамі, якія водяцца ў нашых лясах… Адным словам, прыгожыя паштоўкі! Шкада, што 15 сутак – гэта практычна страчаны час. Але расчараванняў няма, ні ў журналісцкай, ні ў праваабарончай дзейнасці!”

Практычна тыя самыя словы – пра неабходнасць быць гатовым да ўсяго, калі ты працуеш журналістам у Беларусі – казаў Арцём Сізінцаў. Журналіста-фрылансера з Оршы таксама пакаралі як удзельніка несанкцыянаванай акцыі. Сябры і калегі сустрэлі яго каля віцебскага ІЧУ 4-га красавіка.

У Віцебску збіраюць подпісы за тое, каб не судзілі Паўла Левінава

Пад пагрозай пакарання “за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі” знаходзіцца і віцебскі БАЖавец Павел Левінаў. Пасля затрымання 26-га сакавіка ў яго падняўся ціск, і з ІЧУ Левінава забрала хуткая дапамога. Ен дагэтуль праходзіць курс лячэння ў кардыялогіі.

Тым часам сябры і калегі збіраюць подпісы пад зваротам у Кастрычніцкі райсуд Віцебска. У адмысловай заяве гаворыцца, што Павел Левінаў быў назіральнікам ад РПГА «БХК», і ўдзелу ў масавых акцыях не прымаў. Хаця ён ўпэўнены, што і гэта не правапарушэнне, бо кожны грамадзянін Беларусі мае гарантаванае Канстытуцыяй права на свабоду думкі і яе выказвання.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!