609

У Віцебску вылучылі дэлегатаў на Х з’езд ГА “БАЖ”

24.03.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У Віцебскай суполцы журналісцкай арганізацыі — 32 сябры. 23 сакавіка калегі вылучылі чатырох дэлегатаў на чарговы з’езд ГА “БАЖ”: Паўла Левінава, Змітра Казакевіча, Віталя Скрыля — аднаго з самых маладых сябраў суполкі, а таксама Алену Сцяпанаву, пераабраную кіраўніцай віцебскай БАЖаўскай супольнасці.

На сходзе ў Віцебску прысутнічала намесніца старшыні ГА “БАЖ” Аліна Суравец. Таксама завіталі сябры арганізацыі з Полацка Віктар Стукаў і Мікалай Шарах.

Выслухаўшы справаздачу лідаркі Алены Сцяпанавай, віцебскія БАЖаўцы прызналі працу суполкі здавальняючай. Усе разам прыгадалі найбольш важныя мерапрыемствы апошніх гадоў, згадалі моманты, калі надзвычай істотнымі былі праявы журналісцкай салідарнасці, парадаваліся дасягненням сяброў — перможцаў розных конкурсаў і прафесійных спаборніцтваў.

Паводле даўняй традыцыі, ніводзін сход віцебскіх БАЖаўцаў не абыходзіцца без прэзентацый творчых здабыткаў калег. Гэтым разам журналістка газеты «Витебский курьер»  прадставіла на суд гледачоў фотавыставу і паштоўкі, зробленыя з выкарыстаннем уласных фотадымкаў і вершаў.

Творчая здымачная група ў складзе Вікторыі Дашкевіч, Алены Сцяпанавай і Вячаслава Лазарава прадэманстравала калегам дакументальны фільм «Наедине с памятью». Гэта фільм  пра віцебскіх ліквідатараў наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, здымкі якога праходзілі ў мінулым годзе.

Віцебскія БАЖаўцы абмеркавалі планы дзейнасці ў 2018 годзе і вырашылі сабрацца разам пасля чарговага з'езду ГА «БАЖ», каб дэлегаты распавялі пра ўсё тое, што пачуюць і ўбачаць на галоўным форуме арганізацыі.