1206

У Віцебску выдалі паштоўкі да Сусветнага дня свабоды прэсы і першым павіншавалі распаўсюдніка незалежных СМІ Барыса Хамайду

03.05.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Прыходзіць да найстарэйшага віцебскага актывіста і распаўсюдніка незалежных СМІ па важных датах  ужо стала традыцыяй для віцебскіх БАЖаўцаў. Летась журналісты падарылі Барысу Хамайду знакавы фотаздымак 25-гадовай даўніны — таго часу, калі Барыс Ханонавіч заснаваў газету “Выбар” — адно з першых дэмакратычных выданняў Віцебшчыны.

“Выбар” з’явіўся ў Віцебску ў 1990-м годзе. За рэгістрацыю газеты заснавальнік заплаціў уласныя грошы — 2 тысячы рублёў, заробленыя ім на Поўначы. Праз некалькі гадоў Барыс Ханонавіч заняў пасаду рэдактара, газета асвятляла важныя тэмы, у тым ліку і палітычныя. У 1994 годзе Міністэрства інфармацыі на фармальнай падставе анулявала пасведчанне аб рэгістрацыі, пасля чаго выданне пачало выходзіць нерэгулярна, бо друкавалася ў напаўпадпольных умовах. Апошні нумар выйшаў у 2005 годзе. Але “Выбар” віцябляне памятаюць дагэтуль.

Пра няпростую гісторыю гэтага выданняі незвычайны лёс яго рэдактара БАЖаўцы Алена Сцяпанава і Аляксандар Зянкоў знялі дакументальны фільм “Выбар Барыса Хамайды”, прэзентаваны летась у Віцебску, Полацку і Оршы. Паказы фільма праходзілі разам з дэманстрацыяй фотавыставы, падрыхтаванай з архіўных здымкаў, якія зрабілі віцебскія фатографы ў розныя гады. Сёлета  Барысу Хамайду падарылі свае працы яшчэ трое аўтараў — удзельнікаў фотавыставы. У кожным фотасюжэце галоўны герой — віцебскі выдавец і распаўсюднік, ды пазнавальны краявід: плошча Свабоды і “працоўнае месца” Барыса Хамайды — столік з незалежнымі выданнямі пад бел-чырвона-белым парасонам каля так званага “сіняга дома”, дома № 28 па вуліцы Леніна.

Апрача здымкаў, распаўсюднік  атрымаў  ад віцебскіх БАЖаўцаў вялікі нататнік. Гэта сімвалічны падарунак, бо  журналісты ўжо даўно ўгаворваюць спадара Хамайду запісаць свае ўспаміны пра першыя гады беларускай незалежнасці.

У гонар Сусветнага дня свабоды прэсы Барыс Ханонавіч атрымаў ад віцебскіх БАЖаўцаў і паштоўкі з пажаданнямі. Гэта незвычайныя паштоўкі, зробленыя  журналістамі для сваіх жа калег. Пра тое, як з’явілася гэтая ідэя, распавяла кіраўніца віцебскай філіі ГА “БАЖ” Алена Сцяпанава:

“Усё пачалося з сумнага: мы шукалі паштоўкі, каб даслаць іх нашым калегам, пакараным арыштамі  паводле падзеў 25 і 26 сакавіка. І тут высветлілася, што набыць паштоўкі з нейкімі натхняльнымі выявамі проста немагчыма! Такіх няма ў продажы. Нават знайсці выявы краявідаў Віцебска аказалася праблемай, не кажучы ўжо пра змястоўныя подпісы. Таму давялося купляць паштоўкі з нейкімі нейтральнымі малюнкамі — птушкамі, кветкамі, або шукаць даўнія сувенірныя паштоўкі ў сябе дома… Калі нашы калегі выйшлі з ІЧУ пасля арыштаў, то казалі пра тое, што атрымаць паштоўку са словамі падтрымкі — дужа прыемна. Тут мы і вырашылі: зробім сабе паштоўкі самі! Але няхай яны будуць не пра арышты, ціск і несправядлівасць, а пра нашу журналісцкую салідарнасць”.

БАЖаўцы абвясцілі збор адпаведных фотаздымкаў і слоганаў для паштовак. І напрацягу двух тыдняў назбіралася вялікая “калекцыя пажаданняў”, у тым ліку і вершаваных.  А выявы для паштовак у асноўным прапанавалі віцебскія фотажурналісты Ігар Мацьвееў і Юрый Шэпелеў. Увасобіць ідэю ў жыццё дапамагла Вольга Цімашэнка, дырэктарка фотастудыі “Колер”, з дапамогай якога віцебскія  БАЖаўцы ажыццявілі ўжо не адзін візуальны праект.

Цяпер у віцебскіх журналістаў ёсць уласныя паштоўкі, якія ў Сусветны дзень свабоды прэсы яны даслалі калегам у іншыя гарады.