413

У Віцебску стартаваў конкурс журналісцкіх публікацый “Грамадская стужка 2.0”

15.01.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца журналісты, аўтары і блогеры, якія працуюць у Віцебску і Віцебскай вобласці. Ад іх чакаюць матэрыялаў пра грамадскую актыўнасць, створаных у самых розных жанрах – ад газетнага матэрыялу да  відэарэпартажу або фотасправаздачы.

Конкурс праводзіць Віцебскі рэгіянальны медыяцэнтр – моладзевая грамадская структура, якая летась арганізавала для ўсіх ахвотных навучальны курс “Медыя і актывізм”.

Паводле арганізатараў, мэта конкурсу “Грамадская стужка” палягае ў тым, каб прыцягнуць увагу да тэкстаў сацыяльнай, культурніцкай і грамадска значнай тэматыкі. Працы на конкурс прымаюцца з 14 да 27 студзеня. Пераможцу чакае галоўны прыз — смартфон. Больш падрабязна пра ўмовы конкурсу  паведамляецца на сайце мясцовай культурніцкай пляцоўкі.

Папярэдні конкурс праходзіў у жніўні-верасні 2018 года. Разгледзеўшы 21 творчую працу, журы вызначыла трох пераможцаў. Адным з іх стаў сябра ГА “БАЖ” Аляксандр Кутынка за артыкул “В Витебске многодетная семья борется с застройщиком из-за плесени в новостройке”, надрукаваны ў газеце “Витебские вести”.