153

У Віцебску прызнаныя экстрэмісцкімі два мясцовыя тэлеграм-каналы

30.03.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Барацьба з экстрэмізмам

Паведамленне пра гэта апублікаваў тэлеграм-канал “Пресс-секретарь МВД Беларуси”. Рашэннем суда Чыгуначнага раёна Віцебска экстрэмісцкімі абвешчаныя тэлеграм-каналы «Витебск 97%» і «Чат невероятного Витебска».

Праваабаронца Павел Левінаў звяртае ўвагу на тое, што грамадзяне даведаліся толькі пра вынік судовага пасяджэння.

— Абвестак пра суд не было, грамадскасць не магла прысутнічаць падчас разбіральніцтва, і таму шмат якія пытанні застаюцца без адказу. Напрыклад, хто звяртаўся ў суд, якая структура вырашыла патрабаваць, каб тэлеграм-каналы  прызналі экстрэмісцкімі? Калі працэс адбыўся ў судзе Чыгуначнага раёна, то і дзяржаўныя структуры, якія ініцыявалі справу, таксама павінны знаходзіцца ў гэтым раёне. Але гэта толькі нашы здагадкі, — кажа Павел Левінаў. — Мы не ведаем таксама, ці бралі ўдзел у судзе абодва бакі: ці выклікалі туды адміністратараў каналаў, каб яны мелі магчымасць бараніцца. Зрэшты, мы нават не ведаем, за якія допісы тэлеграм-каналы «Витебск 97%» і «Чат невероятного Витебска» прызналі экстрэмісцкімі.

У паведамленні МУС гаворыцца, што “ў згаданых пабліках неаднаразова размяшчаліся заклікі да пашкоджання маёмасці дзяржорганаў і грамадзян, да масавых беспарадкаў, хуліганстваў, вандалізму, супраціву міліцыянтам, а таксама зневажалі прадстаўнікоў праваахоўных органаў і дзяржслужбоўцаў. Мэта такіх матэрыялаў — змяненне канстытуцыйнага ладу Беларусі”.

На думку Левінава, гэта вельмі размытыя і абагульненыя фармулёўкі. Праваабаронца падрыхтаваў зварот у суд Чыгуначнага раёна з просьбай азнаёміць яго з сутнасцю справы і судовай пастановай — каб мець магчымасць праінфармаваць пра падрабязнасці землякоў.

Павел Левінаў падкрэслівае, што цяпер віцебскія ўлады абавязаныя як мага шырэй распаўсюдзіць інфармацыю пра тое, якія менавіта каналы суд прызнаў экстрэмісцкімі. Пакуль паведамленняў пра гэта няма на мясцовых афіцыйных сайтах. Але за рэпосты паведамленняў з тых рэсурсаў, што прызнаныя экстрэмісцкімі, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. І праваабаронца не выключае новай хвалі адміністрацыйных справаў, калі не папярэдзіць грамадскасць належным чынам.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!