364

У Віцебску падтрымалі Івана Галунова фота-флэшмобам

11.06.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Віцебскія праваабаронцы і журналісты далучыліся да акцыі салідарнасці з затрыманым карэспандэнтам расійскага анлайн-выдання “Медуза” Іванам Галуновым. Яны сфатаграфаваліся з надпісамі “Я — Іван Галуноў” на розных мовах і выклалі здымкі ў інтэрнэт.

Паводле праваабаронцы, сябра ГА “БАЖ” Леаніда Свеціка, фундаментальным правам любога грамадства з’яўляецца права на свабоду слова.

— Калі ўлады адбіраюць гэтае права і пачынаюць рэпрэсаваць журналістаў — носьбітаў яго і гарантаў, — грамадства мусіць рэагаваць хутка і салідарна. І няважна, дзе адбываецца беззаконне, у тваёй краіне ці ў суседняй. Таму мы кажам: “Стоп пераследу журналіста Івана Галунова” і “Я таксама Іван Галуноў!”, — кажа Леанід Свецік.

Спецкарэспандэнт “Медузы” Іван Галуноў, аўтар расследванняў пра  карупцыю, 6 чэрвеня быў затрыманы ў Маскве і абвінавачаны ў незаконным абароце наркотыкаў. Ён сцвярджае, што наркотыкі яму падкінулі. Пры затрыманні і ў паліцэйскім пастарунку Галунова жорстка збівалі. Нікулінскі раённы суд Масквы адмовіўся змяшчаць журналіста ў СІЗА, як таго прасіла следства, і накіраваў яго пад хатні арышт.