213

У Віцебску новы лідар суполкі ГА “БАЖ”

15.03.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У Віцебску прайшоў справаздачна-выбарчы сход суполкі ГА “БАЖ”, на якім сябры арганізацыі падсумавалі  вынікі свае дзейнасці.

— Апошнія паўтара гады неспадзявана сталі самымі няпростымі ў жыцці суполкі: пад уплывам эпідэміі каранавірусу з планаў зніклі публічныя імпрэзы, а са жніўня 2020 года віцебскім сябрам ГА “БАЖ” давялося перажыць некалькі затрыманняў, ператрусаў і судоў за журналісцкую дзейнасць. За мінулы год шэсць  чалавек пакінулі  суполку — у сувязі з пераездам за мяжу або з іншымі асабістымі акалічнасцямі. Але перажытыя разам  цяжкасці яшчэ больш падмацавалі сяброўскі дух і гатовасць прыйсці на дапамогу калегам, —адзначыла падчас справаздачы цяпер ужо былая лідарка віцебскай суполкі Алена Сцяпанава.

Яна доўгі час займала гэтую пасаду і прапанавала абраць новага кіраўніка суполкі. Калегі  вынеслі на абмеркаванне дзве кандыдатуры: Віталя Скрыля і Змітра Казакевіча. Падчас галасавання з перавагай у тры галасы перамог Зміцер Казакевіч, які цяпер ачоліў структуру віцебскіх “бажаўцаў”. Віталь Скрыль стаў ягоным намеснікам.   

Сябры філіі абмеркавалі планы далейшай працы, а таксама вылучылі дэлегатаў на XI з’езд ГА “БАЖ”, які адбудзецца ў Мінску 16 красавіка 2021 года.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!