224

У Віцебску другі раз «абрабавалі» «Залатую рыбку». СК дапытаў журналістаў, якія пра гэта напісалі

16.10.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", фота Юрыя Шэпелева, “Народныя Навіны Віцебска”

 “Залатая рыбка” — скульптура, усталяваная ў Віцебску на месцы, дзе рака Віцьба ўпадае ў Заходнюю Дзвіну. За апошнія два гады скульптуру двойчы пашкодзілі вандалы, пра што пісаў гарадскі сайт “Народныя Навіны Віцебска”.

Скульптура з’явілася ў Віцебску ў 2017 годзе. Аўтар Іван Казак дадаў да выявы персанажа гаршчок з дэкаратыўнымі манетамі ў падножжы манумента і ключ з надпісам “Віцебск”, які рыбка трымала ў роце.

 У жніўні 2018 года невядомыя вандалы скралі ключ, а праз год знік і “гаршчок з грашыма”.

Гэтую страту першым заўважыў вядомы віцебскі фатограф Юрый Шэпелеў, і ягоная нататка з фотаздымкамі стала першым журналісцкім матэрыялам на гэтую тэму. Аўтару нататкі і рэдактару сайта “Народныя Навіны Віцебска” Сержуку Серабро адразу патэлефанавалі з міліцыі, каб даведацца падрабязнасці.

15 кастрычніка абодвух выклікалі ў Следчы камітэт: рэдактара сайта распыталі, што яму вядома пра гэты інцыдэнт, а фатографа — яшчэ і пра тое, што ён рабіў каля “Залатой рыбкі”, калі заўважыў знікненне элемента скульптуры.

Юрыю Шэпелеву давялося тлумачыць, што ён кожны дзень прагульваецца з фотаапаратам па віцебскіх вуліцах у пошуках навін або нейкіх гарадскіх цікавостак. І ён на свае вочы бачыў, што ўвечары 25 жніўня гаршчок быў на месцы, а 26-га прыкладна ў той самы час яго ўжо не было. І што дзякуючы яму гараджане і міліцыя даведаліся пра “рабаўніцтва рыбкі”.

Сяржук Серабро спытаўся ў следчых, ці знайшлі вандалаў, якія год таму скралі са скульптуры ключ з надпісам. Высветлілася, што не. Па факце знікнення “гаршчка з грашыма” была заведзена крымінальная справа, але вінаватых пакуль не знайшлі таксама. Непадалёк ад “Залатой рыбкі” ўсталяваная камера відэаназірання, але запісы яшчэ не глядзелі, сказалі ў Следчым камітэце. Калі вандалаў не знойдуць цягам наступных двух тыдняў, справу здадуць у архіў.