1090

У Віцебску цяпер два “Витебских курьера”

28.01.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Стваральнікі новага інфармацыйнага рэсурсу патлумачылі, чым “Витебский курьер news” адрозніваецца ад “Витебского курьера”, з якога сышлі ўсе журналісты. 

Рэдакцыйны калектыў новага сайта  vkurier.info апублікаваў зварот да чытачоў, дзе патлумачыў сітуацыю. Ідэя стварыць новы інтэрнэт-рэсурс з’явілася пасля продажу  сайта vkurier.by мінскаму прадпрымальніку Аляксею Шаблоўскаму, супрацоўніцтва з якім не атрымалася. Паводле былой рэдактаркі “Витебского курьера” і стваральніцы “Витебского курьера news” Вольгі Радзюк, рэдакцыю не задаволілі ўмовы працы, прапанаваныя новым гаспадаром:

“Былая ўладальніца Вольга Карач прапанавала прадаць наш сайт, каб ім кіраваў больш дасведчаны адміністратар. Нягледзячы на тое, што за суткі старонку наведвалі каля 50 тысяч чытачоў, і мы праводзілі вялікую работу па манетызацыі, усё ж не атрымалася забяспечыць журналістам годныя заробкі і развівацца далей.

Набываючы інтэрнэт-рэсурс, новы гаспадар абяцаў,  што шэсць месяцаў рэдакцыя будзе атрымліваць стабільныя грошы, а яго каманда будзе займацца манетызацыяй і далейшым прасоўваннем “Витебского курьера”. Але супрацоўніцтва не атрымалася ні па адным з пунктаў дамоўленасці, і ўвесь наш калектыў пакінуў праект”.

Вольга Радзюк кажа, што перадусім у гэтай сітуацыі пацярпелі чытачы, якія па-ранейшаму звярталіся да журналістаў са сваімі праблемамі. Гарадскія ўстановы, прадпрыемствы, грамадскія суполкі працягвалі запрашаць на розныя мерапрыемствы ў Віцебску і вобласці. Менавіта гэта і падштурхнула стварыць новы сайт, пазнавальны жыхарамі горада.

“Мы свядома не адыходзілі ад ранейшага знешняга выгляду, які мае цяпер ужо “мінскі” “Витебский курьер”, але наш новы сайт больш тэхналагічны, лепш прыстасаваны для работы. З’явіліся новыя рубрыкі для зваротнай сувязі: “Нетыповы чытач”, “Народная трыбуна” і “Афіцыйна”. Змясціць сваё меркаванне ў гэтых рубрыках зможа кожны грамадзянін, прадстаўнік грамадскай суполкі або прэс-служба ведамства. Мы прэзентуем сябе як адкрытую пляцоўку для розных меркаванняў”, — кажа Вольга Радзюк.

У яе няма сумнёваў, што чытачы лёгка разбяруцца, чым адрозніваюцца сайты з падобнымі назвамі. На новым інфармацыйным рэсурсе чытачы знойдуць аўтарскія артыкулы пра Віцебск, яго гісторыю і гарадскія праблемы, а навіны з мясцовага жыцця будуць самыя свежыя, а не перадрукаваныя з іншых рэсурсаў. Адрозніваецца і дызайн сайта, хоць на пачатку будзе пэўная блытаніна і праблемыз SEO. Але галоўная задача — вярнуць давер і інтарэс чытачоў, і з ёй калектыў “Витебского курьера news” спадзяецца справіцца ў самым хуткім часе з дапамогай сацыяльных сетак і магчымасцяў кантактаваць непасрэдна праз сайт.

Ствараючы новы інфармацыйны рэсурс, каманда “Витебского курьера news” спраўдзіла, што не парушае ні ўмовы продажу, ні правы ўладальніка. Вольга Радзюк тлумачыць:

“Прададзены дамен і сайт з яго ўнікальным дызайнам, з тэкставымі і графічнымі матэрыяламі. Што тут можа быць парушана, калі і дамен цяпер іншы, і дызайн свой. А што тычыцца архіўных матэрыялаў, то з іх уладальнікамі (аўтарамі) не складалася ніякіх асобных дамоваў, а значыць, яны нікому не перадавалі права ўласнасці. У любым выпадку, на 99% у нас будзе новы аўтарскі кантэнт. Пытанні юрыдычнага характару ў нас кантралюе ўласны юрыст”.

Цягам бліжэйшага месяца сайт vkurier.info будзе працаваць у тэставым рэжыме. Рэдакцыйны калектыў застаўся ранейшы, інфармацыйны рэсурс запрашае да супрацоўніцтва і новых аўтараў. А таксама прапануе чытачам паведамляць навіны і падтрымліваць ідэямі. Пэўнай дапрацоўкі вымагае тэхнічны бок, але гэтыя праблемы заснавальнікі плануюць з цягам часу вырашыць.

На платформе molamola.by абвешчаны збор сродкаў на падтрымку  “Витебского курьера news”, у планах якога  — ператварыцца ў буйны партал, які, магчыма, будзе не толькі гарадскім, але і абласным.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!