591

У Віцебску будуць судзіць распаўсюдніцу «Витебского вестника»

08.02.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У жыхаркі Віцебска Таццяны Юхо міліцыя забрала 500 нумароў дайджэста «Витебский вестник», камп’ютарную аргтэхніку і аўтамабіль.

Спадарыня Таццяна распавяла, што міліцыянты затрымалі яе ў прыватным сектары, завезлі ў РАУС Першамайскага раёна і некалькі гадзін распытвалі, адкуль у яе нумары «Витебского вестника», ці распаўсюджвае яна гэтае выданне, хто яго выпускае і раздрукоўвае.

— Потым мяне павезлі дахаты і правялі агляд кватэры. Забралі ўсю аргтэхніку, у тым ліку камп’ютар мужа і непрацоўны сістэмны блок, якім ніхто не карыстаўся. Забралі мабільны тэлефон, мае асабістыя запісы і нават  паветраныя шарыкі белага, чырвонага і аранжавага колеру — я іх захоўвала, каб упрыгожыць кватэру ў дзень народзінаў. Таксама ў міліцыі застаўся мой аўтамабіль. Супрацоўнікі сказалі, што пакідаюць яго ў якасці закладу да выплаты штрафа, які, па іх меркаванні, накладзе на мяне суд, — распавяла Таццяна Юхо.

У дачыненні жанчыны міліцыя распачала адміністрацыйную справу паводле артыкула 22.9 КаАП. Працэс мае адбыцца 10 лютага а 14.30 у судзе Чыгуначнага раёна Віцебска.

Даведка: «Витебский вестник» — гэта дайджэст мясцовых і агульнабеларускіх навін, выдаецца і распаўсюджваецца неперыядычна і на валанцёрскіх пачатках. Міліцыя шукае распаўсюднікаў і выдаўцоў, бо выданне робіць публічнай тую інфармацыю, якую не размяшчаюць дзяржаўныя СМІ. Яно арыентаванае на людзей сталага веку, якія не карыстаюцца інтэрнэтам і звыклі да “газетнага” фармату навін.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!