418

У віцебскіх журналістаў — ператрусы, нібыта шукалі інфармацыю пра невядомага паклёпніка

08.07.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Ператрусы адбыліся прынамсі ў трох незалежных журналістаў. Зміцер Казакевіч, кіраўнік Віцебскай суполкі ГА "БАЖ", распавёў пра падзеі са слоў жонкі — яго самога дома на той момант не было:

— Ператрус у мяне рабілі супрацоўнікі Першамайскага РАУС на падставе крымінальнай справы поводле арт. 188 КК (паклёп). Справа заведзеная ў дачыненні невысветленай асобы, якая нібыта ўзвяла паклёп на лепельскага міліцыянта Міхно. І нібыта інфармацыя пра гэтую асобу магла быць у мяне. Вядома, такой інфармацыяй я не валодаю, і пра міліцыянта з такім прозвішчам нават не чуў.

Ператрус у Змітра Казакевіча доўжыўся тры гадзіны. Міліцыянты забралі ноўтбукі жонкі і дачкі, два старых "сістэмнікі", два фотаапараты, маленькі бел-чырвона-белы сцяжок.

Аргтэхніку ў Змітра Казакевіча міліцыянты забіраюць ужо не ўпершыню. Яго таксама неаднаразова затрымлівалі за асвятленне мірных пратэстаў у Віцебску, каралі "суткамі" за нібыта ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах і штрафамі за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з тэлеканалам “Белсат”. 

Ператрус правялі і ў незалежнага журналіста Вячаслава Лазарава. Міліцыянты шукалі яго ў кватэры маці, дзе ён прапісаны. З Вячаславам яны не сустрэліся, але адабралі тэлефон у сталай жанчыны — сказалі, што на экспертызу, каб пашукаць інфармацыю пра злачынствы, да якіх нібыта можа мець дачыненне яе сын. 

Сёння ў Віцебску затрыманы незалежны журналіст Віталь Скрыль. Пра тое, што сілавікі затрымалі Віталя Скрыля праваабаронцам паведаміла ягоная жонка Аліна. Паводле яе слоў, Віталь Скрыль выйшаў з дому без тэлефона, а праз нейкі
час патэлефанаваў ёй з незнаёмага нумару.

Размова была кароткай: Віталь паспеў паведаміць, што затрыманы, і што падставай стала крымінальная справа, распачатая паводле арт. 369 УК РБ (Абраза прадстаўніка ўлады). На дадзены момант журналіст мае статус падазраванага па гэтай справе. Яго дапыталі, і цяпер ён затрыманы на 72 гадзіны ў ізалятары часовага ўтрымання.

Глыбоцкага журналіста Змітра Лупача сілавікі забралі з санаторыя "Пліса", дзе наш калега адпачываў апошнімі днямі. Жонка журналіста паведаміла ў БАЖ, што сілавікі перад гэтым прыязджалі да Лупача дадому.

Таксама сёння раніцай у Оршы быў затрыманы праваабаронца і рэдактар сайта orsha.eu Ігар Казмярчак.

Як стала вядома сваякам і сябрам Ігара Казмярчака,  заснавальніка Аршанскага незалежнага сайта orsha.eu дапыталі пра псаванне гарадскіх збудаванняў надпісамі палітычнага зместу. Міліцыянты распачалі крымінальную справу паводле арт. 341 КК РБ. Пра якія аб'екты гарадской інфраструктуры вядзецца ў гэтай справе, застаецца невядомым.

Ігар Казмярчак затрыманы на 72 гадзіны і знаходзіцца ў Аршанскім ІЧУ.

Сення ўранні ператрус адбыўся і ў Дзяніса Дубкова, фатографа сайта orsha.eu. Хлопца таксама вазілі на допыт, але праз некалькі гадзінаў адпусцілі. Сутнасць размоваў у міліцыі ен не раскрывае, спасылаючыся на падпіску аб не разгалошванні таямніцы следства.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!