308

У Слуцку і Салігорску былі затрыманыя трое журналістаў. Зінаіду Цімошак чакае суд

04.08.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

4 жніўня ў Слуцку планавалася сустрэча з выбаршчыкамі кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Мерапрыемства было фактычна сарванае ўладамі, нягледзячы на гэта, сабралося некалькі сотняў чалавек. У выніку акцыя завершылася хапуном з удзелам мінскага АМАПу.

Былі затрыманыя трое журналістаў. Зінаіду Цімошак, журналістку "Новага Часу", паспелі аформіць "на суткі", яе чакае суд.

Адміна SlutskGorod Уладзіслава Яроту затрымалі пасля стрыму.

"Я працаваў на мітынгу, які не адбыўся, кандыдата Святланы Ціханоўскай. Пра тое, як разгортваліся падзеі, крыху пазней зраблю асобную публікацыю. У момант, калі пачаліся затрыманні, стаў здымаць прамы эфір на наш YouTube-канал.

Камізэлькі «Прэса» або бэйджа на мне не было. Прывык, што ў Слуцку ўсе адзін аднаго ведаюць і ў гэтым няма неабходнасці. Не чакаў, што сёння тут будуць працаваць прыезджыя супрацоўнікі. На пачатку акцыі АМАП не перашкаджаў працы як «пазначаных» журналістаў, так і «свабодных» фатографаў.

На маіх вачах затрымалі некалькі чалавек, астатніх прасілі разысціся і патроху адціскалі ад месца запланаванага мітынгу. Зразумеўшы, што актыўная фаза затрыманняў скончылася, я скончыў стрым, але застаўся ў цэнтры і стаў проста здымаць фота і відэа.

Падышлі некалькі амапаўцаў і папрасілі прайсці з імі ў машыну. Я сказаў, што я журналіст і выконваю сваю працу, але яны былі настойлівыя. Нічога не заставалася, як спакойна прайсці ў мікрааўтобус", — напісаў Уадзіслаў Ярота пра гісторыю затрымання.

Яроту разам з іншымі затрыманымі адвезлі ў РАУС,  а затым — адразу ў ізалятар часовага ўтрымання. Прыкладна праз 50 хвілін яго адпусцілі без складання пратаколу.

Журналістка "Новага Часу" Зінаіда Цімошак асвятляла падзеі ў Слуцку для "Новага Часу". Яна паспела паведаміць пра свае затрыманне і пра тое, што яе збіраюцца "кінуць на суткі" — без лекаў (таблетак і абязвольваючых прэпаратаў), у якіх калега мае жыццёвую неабоходнасць праз цяжкую невылечную хваробу.

Зінаіда Цімошак напісала хадайніцтва, што ў зняволенні не будзе магчымасці забяспечыць для яе належныя ўмовы ўтрымання з улікам фізічнага стану, а гэта будзе прыраўнена да катаванняў. У выніку Зінаіду адпусцілі да суда (суд мусіць адбыцца 5 жніўня).

Зінаіда Цімошак: Я займаюся праблемамі, калі людзі гатовыя пра іх не толькі расказваць, але і самі нешта рабіць

У Салігорску, як паведамляе "Наша Ніва", каля стадыёна, дзе мусіў адбыцца мітынг Ціханоўскай, сабралася каля 100 чалавек. Было затрымана не менш пяці чалавек. Сярод затрыманых у Салігорску — прадстаўнік рэдакцыі "Лідар прэсс" Уладзімір Уфімцаў

Затрыманага прадстаўніка "Лідар-Прэс" вызвалілі без складання пратаколу і прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!