382

У Слуцку 6 жніўня будуць судзіць журналістку "Новага Часу" Зінаіду Цімошак. Пратакол супраць яе перапісалі

05.08.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Зінаіду Цімошак, журналістку "Новага Часу", затрымалі ўчора ў Слуцку падчас сарванага ўладамі мітынгу кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.

Зінаіду будуць судзіць паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП. Пратакол перапісалі 5 жніўня з новымі фармулёўкамі.

Журналістка "Новага Часу" Зінаіда Цімошак асвятляла падзеі ў Слуцку. Яна паспела паведаміць пра сваё затрыманне і пра тое, што яе збіраюцца "кінуць на суткі" — без лекаў (таблетак і абязвольваючых прэпаратаў), у якіх калега мае жыццёвую неабоходнасць праз цяжкую невылечную хваробу.

Зінаіда Цімошак, архіўнае фота "Радыё Свабода"

Зінаіда Цімошак напісала хадайніцтва, што ў зняволенні не будзе магчымасці забяспечыць для яе належныя ўмовы ўтрымання з улікам фізічнага стану, а гэта будзе прыроўнена да катаванняў.

У выніку Зінаіду не сталі змяшчаць у ІЧУ да суда і адпусцілі, сёння яна чакае разгляду адміністрацыйнай справы.

Суд быў прызначаны на 9.30 раніцы 5 жніўня. Спадарыня Зінаіда правяла ў будынку суда цэлы дзень, але працэс так і не адбыўся.

Зінаіду мусяць судзіць паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП. Пратакол перапісалі 5 жніўня з новымі фармулёўкамі.

"Я маю дзве копіі пратаколаў — складзены ўчора вечарам і сёння. Ва ўчорашнім пратаколе было напісана "несанкцыянаваны мітынг у падтрымку кандыдата Ціханоўскай". Супрацоўнік міліцыі сам мне сказаў, што з такой фармулёўкай немагчыма судзіць. У новым пратаколе гаворыцца пра несанкцыянаванае масавае мерапрыемства "з мэтай выказвання пратэсту супраць дзеючай улады". Напісана, што на  патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі разысціся я не рэагавала", — распавяла журналістка.

Яна сказала, што не мела бэйджа "прэса" на вопратцы, але мела пры сабе пасведчанне пазаштатнага карэспандэнта газеты "Новы Час", якое і прад'явіла супрацоўнікам міліцыі.

Пасяджэнне суда па адміністрацыйнай справе Зінаіды Цімошак прызначанае на 6 жніўня а 10-ай раніцы ў Слуцкім гарадскім судзе.

Зінаіда Цімошак: Я займаюся праблемамі, калі людзі гатовыя пра іх не толькі расказваць, але і самі нешта рабіць

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!